Адкуль браць грошы на “зялёныя” праекты?

Фінансавае пытанне – адно з ключавых у рэалізацыі інфраструктурных праектаў. У мясцовых бюджэтах вольных грошай мала, узяць іх з бюджэтаў вышэйшага ўзроўню – няпроста.

Для бізнесу гэтая ніша таксама можа выглядаць даволі рызыкоўнай. Пра ўсе магчымасці знайсці грошы пад  беларускія праекты расказалі эксперты Minsk Smart City Forum.

 

Як прыцягнуць сродкі з-за мяжы

Варыянты прыцягнення іншаземных інвестыцый прывяла Ірына Пыл, нацыянальны кансультант па падрыхтоўцы інвестыцыйных тызераў на фінансаванне “зялёных” інфраструктурных праектаў праекта “Зялёныя гарады”  ПРААН.

Для пачатку варта паглядзець адкрытыя конкурсы, па якіх можна выйграць фінансавую падтрымку. Напрыклад, конкурс “Інтэграцыя”, які праводзіць Еўразійскі банк развіцця. На разгляд прымаюцца інвестыцыйныя праекты па шэрагу кірункаў, у тым ліку па экалогіі, транспарту, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, інавацыйнаму бізнесу. Як раз таму, што трэба развіваць у разумным горадзе.

Да таго ж варта зірнуць у бок Кітая – аднаго з найбуйнейшых тэхналагічных цэнтраў свету. У рамках ініцыятывы “Адзін пояс – адзін шлях” нашай краіны наўпрост датычыцца праект сеткі аўтамабільных і чыгуначных магістралей. У гэтым кірунку можна разглядаць усе пытанні лічбавізацыі гарадоў, якія з’яўляюцца буйнымі транспартнымі вузламі. 

Калі глядзець на захад, то там у першую чаргу трэба адзначыць праекты па праграме “Усходняга партнёрства”, а таксама ініцыятывы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Зараз ідзе абнаўленне праграмы ўзаемадзеяння, але ключавыя рэчы застануцца.

Праграма “Усходняга партнёрства” плануе, напрыклад, працяг работы ў сферах энергаэфектыўнасці, аднаўляльнай энергетыкі, грамадскага транспарту. Разам з тым працягнецца аказанне тэхнічнай дапамогі ў будаўніцтве энергаэфектыўных садкоў і школ. У плане фінансавых інструментаў будзе даступна льготнае крэдытаванне, а магчыма, і аднаўляльныя фонды.

Пры гэтым нефінансавыя патрабаванні да праектаў крыху змяніліся. Цяпер населены пункты, дзе жывуць звыш 50 000 людзей, павінны мець  доўгатэрміновы план развіцца на 20 гадоў. А пункты з меншай колькасцю насельніцтва – доўгатэрміновае бачанне. І ўсё гэта павінна быць інтэгравана ў галінавыя планы.

Што датычыцца ЕБРР, у рэгіёнах плануецца праца з водаканаламі і ачышчальнымі  збудаваннямі, а таксама з энергаэфектыўнасцю жылых будынкаў і з электратранспартам. У варыянце фінансавання праз ЕБРР трэба памятаць, што ўсе гэтыя праекты патрабуюць урадавай гарантыі і праходжання адпаведных працэдур.

Яшчэ адна магчымасць – прыцягнуць фінансавыя сродкі Сусветнага банка. У першую чаргу гэта датычыцца цякучага праекта па мадэрнізацыі шматкватэрных будынкаў. У будучым плануецца рэалізаваць яшчэ адзін – па павышэнні энергаэфектыўнасці грамадскіх будынкаў.

У адносінах да “зялёнага” прыцягнення сродкаў у разумныя гарады трэба казаць пра эканоміку замкнутага цыклу і нізкавугляроднае фінансаванне.

Нізкавугляроднае фінансаванне памякчае наступствы змянення клімату. Яно мае на ўвазе дзеянні ў мэтах зніжэння колькасці парніковых газаў ці выдалення гэтых газаў з атмасферы. Напрыклад, павелічэнне лесапасадкі. Для такой дзейнасці прадугледжаны зялёныя крэдыты, лізінг і іншыя фінансавыя інструменты.

Да фінансавання эканомікі замкнутага цыклу, падыходзяць па двух крытэрыях. 

У эканамічным плане размова ідзе ў першую чаргу аб змяненні варыянтаў вядзення бізнесу:  у прыватнасці, аб скарачэнні адходаў. Мяркуецца, што кампаніі будуць ужываць другасную сыравіну або пераходзіць на шматразовае карыстанне.  Таксама магчыма стварэнне нейкіх праектаў па сумеснаму карыстанню, працягу тэрміна службы, аднаўленні матэрыялаў – гэта ўсе мае адносіны да разумных гарадоў. Па сутнасці з боку адміністрацыі трэба стварыць умовы для таго, каб такія кампаніі ішлі ў горад.

Праекты па лічбавізацыі ідуць як нізкавугляроднае фінансаванне – а гэта ўжо закранае экалагічны крытэрый. І суадносіны з паказчыкамі ў экалагічнай сферы можна знайсці ў кожным праекце для разумнага горада.

Зараз сістэма фінансавання праектаў унутры краіны пабудавана такім чынам, што малым гарадам лягчэй за ўсё ўпісацца ў нейкую дзяржаўную праграму. Напрыклад, пад праграму “Разумны горад” адпаведным міністэрствам будзе нашмат прасцей прыцягнуць фінансаванне. І адміністрацыі населеных пунктаў застанецца толькі якасна падрыхтаваць праекты.

 

Дзе шукаць партнёрства з дзяржавай

Ірына Каленчак, начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі, расказала, пра механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў дачыненні да праектаў разумнага горада.

На сёння ў нас працуе Закон “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”. Па ім можна рэалізаваць праекты, якія знаходзяцца на стыку інтарэсаў дзяржаўнага і прыватнага сектара. Звычайна гэта датычыцца гарадскіх сервісаў. Напрыклад, такім чынам быў пабудаваны разумны прыпынак у Новай Баравой з сонечнай батарэяй і USB-зарадкамі. Цяпер Мінгарвыканкам плануе зрабіць сетку такіх прыпынкаў.

Праекты з выкарыстаннем механізму ДПП могуць, напрыклад, датычыцца сацыяльных сервісаў, транспарту, энергазберажэння і іншых сфер.

Калі ёсць прапанова да дзяржавы, трэба з ёю звяртацца ў мясцовы выканкам. Калі там ідэю падтрымаюць, бакі разам выпрацуюць зразумелую канцэпцыю, якую будуць разглядаць на міжведамасным інфраструктурна-каардынацыйным савеце.

Калі там прапанову ўхваляць, то трэба будзе падрыхтаваць паўнавартаснае тэхніка-эканамічнае і фінансавае абгрунтаванне.  Апошняе абавязкова выстаўляецца на конкурс, каб атрымаць найлепшую прапанову па фінансаванні праекта. З пераможцам заключаецца пагадненне па ДПП. Як правіла, гэта доўгатэрміновы дакумент – на больш за пяць гадоў. Прыватны партнёр мае гарантаваны даход на гэты перыяд.

У цэлым працэс доўгі і даволі бюракратызаваны. Гарады зацікаўлены самім прымаць рашэнні ў мясцовых праектах, а не адпраўляць іх “наверх”. Пакуль гэтай магчымасці ў іх няма.

 

Як вярнуць грошы?

Калі паслуга можа генерыраваць даход – ёсць нейкія спажыўцы, – то магчыма такая наступная ўзаемадзеяння. Прыватны партнёр самастойна прыцягвае фінансаванне: або сваё, або пазыковае. І за кошт даходу вяртае інвестыцыі і пагашае крэдыты. Калі ў праект не ўкладвалі дзяржаўных сродкаў, уласнасць можа застацца за прыватным партнёрам.

Калі паслуга бясплатная, функцыю вяртання грошай бярэ на сабе бюджэт. Па сутнасці гэта будзе як пакупка ў растэрміноўку: вяртаць будуць па частках.

Магчыма камбінацыя абодвух варыянтаў: калі ёсць спажыўцы, але іх платы не дастаткова. Напрыклад, гэта сацыяльная паслуга.

У Беларусі пакуль толькі адзін прыклад працы ДПП у кірунку разумнага гораду. Але ёсць краіны, дзе гэты напрамак больш развіты:

- Бразілія. У муніцыпалітэце Сан-Луіс-ду-Парайтынга ўсталявалі лічыльнікі і забяспечылі доступ да віртуальных баз даных аб спажыванні электраэнергіі. З боку дзяржавы далі інфраструктуру для праекта, а прыватны партнёр аказваў паслугі.

- Кітай. У Сіньцзян-Уйгурскам аўтаномным раёне заключылі 11 пагадненняў аб ДПП на агульную суму 1,2 млрд долараў, каб ажыццявіць вялікі комплексны праект разумнага горада. І гэта стала асновай, з дапамогай якой кітайскія ўлады змаглі арганізаваць дастаткова хуткае ўзаемадзеянне па кантролю за распаўсюджваннем каранавірусу.

- Іспанія. У Барселоне былі рэалізаваны вельмі шмат дробных праектаў у гэтай галіне: па кантролю асвятлення, смеццевых кантэйнераў, водазабеспячэння і іншае. Дарэчы, там максімальна спрошчаны адміністратыўныя працэдуры: у мясцовыя выканкамы звяртацца не трэба, усё можна вырашыць праз спецыяльную праграму на тэлефоне.

Падчас рэалізацыі такіх праектаў дзяржава і прыватны бізнес размяркоўваюць сферу рызык. Напрыклад, калі з-за змены ў заканадаўстве даход упадзе, то адказнасць за гэта будзе на баку дзяржавы. Але форс-мажор будуць разграбаць абодва бакі.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.06.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.