Сплаў па Прыпяці. Дорым маршрут усім, каму трэба перазагрузка

Жнівень абяцае быць даволі спякотным. Самы час адпачыць на рэчцы, далучыцца да акцыі “Стоп Е40” і прайсці на байдарках па Прыпяці і яе прытоках.

06.08.2020 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: Надзея Анісовіч

Зялёны партал з’ездзіў  па маршруце № 1 і гатовы расказаць, дзе самыя шыкоўныя світанні.

Пачынаецца маршрут у вёсцы Кудрычы. Вёска знаходзіцца амаль што на востраве – дарогу сюды праклалі толькі ў 1990-я. Двароў няшмат, некаторыя дамы ўжо даўно закінулі: унутры можна знайсці былыя рыбалоўныя снасці, бочкі і іншыя гаспадарчыя прыстасаванні мінулых гадоў.

Сплаў пачынаецца на беразе Ясельды. Там як раз ёсць месца пад палаткі, можна заночыць тут і пачаць сплаў раніцай. Але папярэдзім: камары там жудасна галодныя.

Яшчэ, як варыянт, на ноч можна спыніцца ў аграсядзібе “Рака багоў”, якая знаходзіцца ў Кудрычах (менавіта так з санскрыту перакладаецца назва ракі Ясельда). Ці, як варыянт, прыехаць на ранішнім аўтобусе з Пінску.

Гэты паход арганізоўвалі валанцёры Аховы птушак Бацькаўшчыны, Клуб вандровак Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства і паходны клуб Баніфацый.

Дарэчы, некаторыя аграсядзібы і пункты пракату байдарак даюць зніжку, калі вы ўдзельнічаеце ў акцыі “Прыпяць, дай пяць!”

Знайсці іх і пачытаць падрабязнасці можна на мапе з маршрутамі.

 

Сядаем на байдаркі і паплылі

Першая частка пуці праходзіць па Ясельдзе. Рака нешырокая, з павольным цячэннем. Па ходзе вандроўкі можна убачыць ластавак-зямлянак.

Яны робяць сабе норы ў высокіх берагах – і хутка лётаюць над імі.

Яшчэ нам пашчасціла на шэрую чаплю, якая ўсім пазіравала і не спужалася, нават калі да яе блізка падплылі байдаркі. Увогуле на нашых шляху трапілася шмат птушак. Нават чорны бусел.

Не ўсіх атрымалася зафатаграфаваць, але відавочна, што ў такі паход будзе класна браць з сабою прасунатага бёрдвотчэра ці арнітолага, які раскажа, хто гэта там ляціць.

На вадзе таксама жывуць шмат чырвонакніжнікаў. Напрыклад, белы гарлачык, які ахоўваецца не толькі ў нас, але яшчэ ў Літве і ў Польшчы. Ён сустракаўся не аднойчы на ўсім нашым шляху, асабліва ў прытоках Прыпяці.

Першы прыпынак – месца, дзе Ясельда ўпадае ў Прыпяць. Тут можна спыніцца на перакус, пакупацца ў рэчцы і прагуляцца да шлюза. Збудаванне поўнасцю перакрывае раку дзеля праходу судоў. З-за гэтага рыбы, напрыклад, не могуць падымацца ўверх па цячэнню.

У праект воднага шляху Е40 закладзена будаванне яшчэ і новых шлюзаў, што зусім парушыць экасістэму ракі. У тым ліку з-за гэтага прыродаахоўнікі б’юць трывогу і выступаюць супраць праекта.

Пасля перакусу нас чакалі яшчэ каля 12 км па рацэ. Прыпяць у параўнанні з Ясельдай вельмі шырокая рака. Па ёй класна плыць, глядзець удалеч, загараць у байдарцы (але трэба яшчэ паклапаціцца, каб не згарэць). Мы даплылі да месцы, дзе Стыр упадае ў Прыпяць і заночылі.

 

Шыкоўныя світанні

Раніцай мы выплылі на прагулку па Стыру. Рэчка нешырокая з павольным цячэннем, унутры можна паблукаць, паглядзець на розныя расліны. Лёгка знайсці плывучую сальвінію, якая знаходзіцца пад аховай Чырвонай кнігі.

Пасля сняданку адправіліся далей у шлях – наперадзе яшчэ каля 20 км. Рукі на гэты дзень з непрывычкі ўжо не хацелі больш веславаць, але ж пасля размінкі ўсё вярнулася да нормы.

Гэтым разам мы ўжо плылі толькі па шырачэзнай Прыпяці. Прыемна нікуды не спяшацца, разглядаць, што там чакае за гарызонтам. На берагах мы бачылі коней, качанят, вужыка, які папярок пераплываў Прыпяць.

Гэта частка Прыпяці даволі папулярная ў рыбакоў. Яны сустракаюцца па абодвух берагах амаль кожныя 100-200 метраў. Ставяць шмат буйкоў з прынадай для рыбы. Вітаюцца з байдарачнікамі. Некаторыя прыязджаюць адразу на некалькі дзён з намётамі.

Калі мы дабраліся на наступнага шлюзу, тут ужо прыйшлося байдаркі пераносіць па сушы. А пасля плыць яшчэ дзесці сем км да чыгуначнага маста. Пасля яго можна тармазіць на правым беразе. Тут наша вандроўка скончылася.

Ад берага за 20-30 хвілін можна пешшу дайсці да бліжэйшай станцыі Прыпяць. Адтуль зручна дабірацца да Лунінца, Баранавічаў і Мінска.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 06.08.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.