01 Февраль 2013

Падведзены вынікі акцыі «Птушкі на кармушцы»

vorobji-nikolaj-vorobej.jpgДалёка не ўсе птушкі пакідаюць месцы свайго гнездавання восенню. Многія застаюцца на зімоўку. Гэты перыяд адзін з самых складаных у іх жыцці: зімой яны могуць загінуць ад недахопу ежы. Менавіта таму вялікае значэнне мае падкормка птушак чалавекам з наступленнем халадоў.

АПБ штогод звяртае ўвагу на неабходнасць дапамагаць зімуючым птушкам. 19-20 студзеня прайшла штогадовая акцыя «Птушкі на кармушцы». У гэтыя дні ўдзельнікі акцыі паназіралі і падлічылі пярнатых наведвальнікаў кармушак і даслалі свае назіранні ў АПБ. Таксама мы цікавіліся, дзе знаходзілася кармушка і які корм прапаноўваўся птушкам.

У гэтым годзе ў акцыі «Птушкі на кармушцы» ўдзельнічалі 1786 чалавек. Разам са сваімі дадзенымі яны дасылалі цікавыя фота птушак і, нават, відэаролікі.

Фото Николай Петрушенко, Людмила Пукович, Анна Трофимчук

Падчас акцыі каля кармушак быў адзначаны 31 від птушак. Амаль 6 тысяч пярнатых прыляталі падкарміцца на спецыяльна ўладкаваныя падкормачныя пляцоўкі, кармавыя столікі і іншыя кармушкі самых розных канструкцый і памераў.

Часцей за іншых птушак кармушкі наведвалі вялікая сініца, дамовы і палявы вераб'і. Рэгулярна адзначаліся на кармушках зелянушкі, каўкі, гілі, шэрыя вароны, сінія сініцы і шызыя галубы. Шмат было і амялушак, але ўсе яны ласаваліся недалёка ад кармушак ягадамі, якія засталіся ў садах з восені. У г. Барысаве і в. Дрысвяты назіралі чорных драздоў. Таксама толькі ў двух месцах бачылі крыжадзюбаў. Часцей да кармушак прыляталі дзятлы. Іх адзначана тры віды. Гэтыя птушкі ласаваліся шышкамі або рэшткамі мяса на костках.

Самая рэдкая птушка на кармушках у гэтым сезоне — малінаўка. Цікава, што малінавак бачылі толькі ў Пінскім раёне. Адна з іх не адзін раз прылятала ласавацца да сяброў клуба «Крылаты дазор» пад кіраўніцтвам Людмілы Пуковіч (в. Бярозавічы Пінскага раёна). Другую заўважылі сябры клуба «Крылаты дазор» пад кіраўніцтвам Алы Дайко (в. Новы Двор Пінскага раёна).

Табліца з поўным спiсам убачаных відаў размешчана тут.

У якасці корма ўдзельнікі акцыі часцей за ўсё выкарыстоўвалі белы хлеб, зерне, насенне сланечніка і гарбуза, несалёнае сала, рабілі «салодкія шышкі» (шышкі запоўненыя тлушчам, перамяшаным з мукой).

Удзельнікі пісалі, что выкарыстоўвалі для птушак шмат розных «прысмакаў»: несалёнае сала, семечкі сланечніка і гарбуза, дробкі белага хлеба, ягады каліны, барбарыса і дзікага вінаграда, арахіс, фундук, яблыкі, проса, камбікорм птушыны, ячмень, насенне дзікарослай травы, крупы і іншае.

Найбольш актыўны ўдзел у акцыі прынялі сябры Слуцкага раённага аддзялення АПБ. Больш за 1000 чалавек назіралі за птушкамі ў гэтыя дні. Трэба дадаць, што толькі са Слуцкага раёна прыйшлі дадзеныя аб шэрых курапатках.

Дзякуючы Мікалаю Петрушэнка вельмі актыўна ўдзельнічалі ў акцыі жыхары п. Коханава Талочынскага раёна. Было зроблена шмат сталовак для птушак, сабраны фота і відэа матэрыял. Мікалай нават напісаў прапанову для мясцовага савета дэпутатаў, каб тыя звярнулі ўвагу на некаторыя ўстановы адукацыі, якія не ўдзельнічалі ў сацыяльна-значнай акцыі «Птушкі на кармушцы».

У рамках акцыі Барысаўскім экалагічным цэнтрам і Барысаўскім раённым аддзяленнем АПБ праводзіліся прэзентацыі акцыі і майстар-класы па вырабе кармушак для школьнікаў горада Барысава. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі каля 150 навучэнцаў рознага ўзросту, іх бацькі і настаўнікі.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькашчыны» вельмі ўдзячная ўсім удзельнікам акцыі «Птушкі на кармушцы», усім людзям, хто дапамагае нашым зімуючым птушкам.

Ахова птушак Бацькаўшчыны

Першае фота: Мiкалай Варабей



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение