21 Ноябрь 2012

Гродзенская пушча ўвойдзе ў транспамежны міждзяржаўны нацыянальны парк

20 га беларускага ландшафтнага заказніка стануць ядром стварэння транспамежнага парка "Аўгустоўская пушча". Каля 115 тысяч га пушчы будзе размяшчацца на тэрыторыі Польшчы  і  каля 25 тысяч  – на тэрыторыі Літвы.

Пра неабходнасць агульнага плана кіравання транспамежнымі  тэрыторыямі пад  асаблівай аховай і развіццё экатурызму гаворка вялася яшчэ на Міжнароднай нарадзе прадстаўнікоў Беларусі і Літвы, што адбылася  16 верасня 2011 года ў Гродне.

З беларускіх тэрыторый у зону ўвагі ўвайшлі "Гродзенская пушча" і беларуская частка транспамежнай зоны "Чапкеляй-Котра".

Канчатковая мэта – захаванне багатай прыроднай спадчыны, наданне ёй адзінага прыродаахоўнага статуса, інтэграцыя гэтых тэрыторый у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку, фармаванне якой павінна завяршыцца ў  2015 годзе.

На першым этапе будуць распрацоўвацца рознамаштабныя тэматычныя мапы прыродаахоўных тэрыторый.

Падрыхтоўка "Атласа транспамежных ААПТ Літвы і Беларусі: прыроднае асяроддзе і турысцка-рэкрэацыйнае прыродакарыстанне" распачатая ў межах міжнароднага праекта "Менеджмент  транспамежных асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Алітускага уезда і Гродзенскай вобласці і іх інтэграцыя ў агульнаеўрапейскую сетку".

Праект рэалізуецца цягам 2012-2013 гадоў па Праграме транспамежнага супрацоўніцтва Еўрасаюза "Латвія-Літва-Беларусь" у межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

З беларускага боку выканаўцай з'яўляецца геаграфічны факультэт БДУ.

На папяровых і электронных носьбітах будуць выкананыя:

– Аглядная мапа транспамежных асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый  Беларусі  і Літвы ў маштабе 1:400000 з разгорнутай легендай (пералік тэрыторый, іх плошча, нацыянальны і міжнародны статус і г.д.).

– Мапы асобных транспамежных ААПТ маштаба 1:100000 на топааснове з указаннем існых функцыянальных зон, каштоўных прыродных, гістарычных, культурных, рэкрэацыйных аб'ектаў, турыстычных маршрутаў і экалагічных сцяжын, памежных пераходаў і г.д.

– Мапы канфліктных сітуацый прыродакарыстання транспамежных ААПТ маштаба 1:100000 з нанясеннем на іх кропкавых, лінейных,плашчадных крыніц, якія робяць шкоду навакольнаму асяроддзю альбо яго асобным кампанентам. У лягендзе будуць адлюстраваны від крыніцы канфлікта, ступень інтэнсіўнасці  ўздзеяння,  аб'екты канфліктных сітуацый, іх праявы і г.д.

– Мапы транспамежнай экалагічнай сеткі памежнай зоны Беларусі і Літвы ў маштабе 1:400000. Мапа тэрытарыяльна вылучыць зоны са спецыяльным рэжымам выкарыстання, які рэгламентуе прыродакарыстанне ў транспамежнай экалагічнай сетцы, гаспадарчую і іншую дзейнасць на гэтай тэрыторыі.

Створаныя ў межах праекта мапы стануць базай у падрыхтоўцы Плана кіравання транспамежнымі прыроднымі тэрыторыямі.

Кася Крот, Твой стыль

Источник фото



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение