19 Февраль 2013 Автор  Інга Сакута

Браканьерства на ГЭС альбо каму закон не пісаны

rybalka-na-ges.jpgНе паспелі ўлегчыся жарсці па будаўніцтву нёманскай ГЭС, як дадалася яшчэ адна праблема – браканьерства каля электрастанцыі.

Праблема паўстала яшчэ летам. У сувязі з тым, што ў праекце ГЭС не былі прадугледжаныя рыбаходы, у раёне дамбы перыядычна збіралася вялікая колькасць рыбы. Гэта і прывабіла сюды мноства рыбаловаў-аматараў: у будні тут збіралася больш за паўсотні чалавек, у выходныя – да 160. Вядома, не ўсе рыбаловы апынуліся добрасумленнымі. На старонках Гродзенскага Форума з'явілася інфармацыя пра выпадкі неаднаразовага вылаву ляшча і судака агульнай вагой ад 20 да 70 кілаграмаў на аднаго чалавека. Рыбінспекцыя ў барацьбе з браканьерамі аказалася бяссільнай, паколькі даволі складана даказаць факт парушэння.

Нягледзячы на тое, што ў перыяд міжсезоння браканьерская актыўнасць зменшылася, рыбаловы-аматары і законапаслухмяныя грамадзяне забілі трывогу, баючыся, што калі не прыняць больш строгія меры, то вясною, у перыяд масавых міграцый і нерасту рыбы, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю, што, у сваю чаргу, можа прывесці да непамерных стратаў прыродных рэсурсаў. Лісты і званкі ад грамадзян у адпаведныя інстанцыі не былі марнымі. У канцы снежня 2012 года выйшла Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паводле якой кожны год (пачынаючы з 2013), аматарская лоўля рыбы забароненая ў перыяд з 1 снежня па 1 ліпеня. Забарона дзейнічае на ўчастку ад плаціны Гродзенскай ГЭС на адлегласці 1000 метраў уніз па цячэнні ракі да месца ўпадзення ў Нёман безназоўнага ручая.

Ці спыніць дадзеная Пастанова браканьераў, пакажа час.

Што лічыцца рыбалоўным браканьерствам? Якія меры патрэбна прыняць, каб рыбакі не злоўжывалі колькасцю вылаўленай рыбы?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Аляксей Шляжко, рыбалоў-аматар, актыўны ўдзельнік буйных рыбалоўных інтэрнэт-форумаў у Беларусі, Расіі і на Украіне.

– Я лічу браканьерствам любы забаронены метад лоўлі. Аднак ступень цяжару недазволенага магу ранжыраваць ад цяжкага да не зусім і супрацьзаконнага.

Самае страшнае – гэта лоўля забароненымі метадамі: сеткамі, электравудамi, хімікатамi, выбуховымi прыладамi. Далей ідзе лоўля дазволенымі сродкамі, але незаконнымі спосабамі. Гэта, у першую чаргу, "багрэнне", лоўля на нерасцільнях з забаронамі, лоўля ў іншых забароненых зонах. Да не вельмі цяжкіх парушэнняў адношу перавышэнне нормаў вылаву, вядома, у разумных межах (у два, у крайнім выпадку, у тры разы больш дапушчальнага) і невыкананне дапушчальнага памеру вылаўленай рыбы.

Наогул, усяляк імкнуся спыняць браканьерства і паведамляю пра такія факты. Сваім знаёмым і пакупнікам тлумачу пра сэнс рыбалкі і правільнае стаўленне да рыбы і наогул да прыроды. Сярод знаёмых ёсць людзі, якія жывуць за кошт рыбы. Тут дазволю сабе растлумачыць некаторыя нюансы. Людзі, якія ловяць, каб пракарміць сям'ю, ловяць няшмат і пэўную колькасць. Яны не ўяўляюць небяспекі для іхтыяфаўны, бо дбайна ахоўваюць "свае" ўгоддзі ад рэальных браканьераў, якія могуць звесці да мінімуму раней даступны прадукт харчавання. А да тых, хто зарабляе грошы на вылаве рыбы і корміць такім чынам сям'ю, я адчуваю толькі негатыў. Гэтыя людзі першымі павінныя быць у спісах пакараных. Гэта самыя страшныя браканьеры. У іх рыба – гэта грошы, таму яны павінны ўсю яе вылавіць, інакш гэта зробяць іншыя.

Што тычыцца мераў, якія неабходна прыняць, каб рыбакі не злоўжывалі колькасцю вылаўленай рыбы, на мой погляд, важна па-іншаму заканадаўча вызначыць аматарскую лоўлю рыбы. Па-першае, павінна быць абмежаванне ў колькасці снасцей, якія выкарыстоўваюцца адначасова. А менавіта, адна снасць на чалавека ў дадзены момант часу (спінінг, вуда, донка, кружок ці яшчэ што) з адным кручком або прынадай. Па-другое, вызначэнне на вадаёмах месцаў зімоўкі і масавых нерасцільняў рыб і ўвядзенне на падобных месцах поўнай забароны на любы від лоўлі на зімова-вясновы перыяд. Па-трэцяе, увесці забарону на лоўлю на жыўца, дазволіць толькі на мёртвую рыбку. Асабліва гэта тычыцца лоўлі з лёду.

– У чым небяспека лоўлі на жыўца?

–  Ды хаця б у тым, што драпежнік не мае шанцаў сысці ад спакусы з'есці жывую прынаду. Калі драпежнік актыўны, то нават рыбалову-пачаткоўцу не цяжка вылавіць рыбы больш за норму, а многім яшчэ і цяжка выпускаць улоў.

Яшчэ некалькі прычын, па якіх я з'яўляюся заўзятым праціўнікам гэтага віду лоўлі. Па-першае, калі жывец заражаны паразітамі або хваробамі, існуе верагоднасць занесці заразу ў вадаём са здаровай рыбай. Не сакрэт, што, у асноўным, жыўца-карася здабываюць на ачышчальных збудаваннях, дзе гэтага нельга апрыёры рабіць, тым больш ніхто не вядзе санэпідэмічны кантроль. Продаж жыўца ў крамах таксама не зусім чыстая справа з пазіцыі закона. Адкуль бярэцца жывец у крамах? З Нёмана. Хто прыносіць? Тыя, хто на гэтым зарабляе, парушаючы норму вылаву і да таго ж сыходзіць ад выплаты падаткаў. Крамы тут павінны быць пакараныя ў першую чаргу, у другую – незаконныя здабытчыкі жыўца. Продаж жыўца павінен быць забароненым законам і кантралявацца праваахоўнымі органамі.

Што тычыцца лоўлі на жыўца ў зімовы перыяд. Зіма – гэта практычна гатовы да нерасту шчупак. Па адкрытай вадзе ён можа нераставаць ужо ў сярэдзіне лютага, а то і раней. З лёду можна падысці ў любое месца вадаёма і падаць драпежніку натуральную ежу, як кажуць, проста пад нос. Ды яшчэ і спосаб лоўлі такі, што злапанага драпежніка менш дапушчальнага памеру складана ўжо адпусціць назад, бо метад лоўлі мае на ўвазе чаканне, калі драпежнік цалкам праглыне жыўца. Кручкі аказваюцца ў страўніку, жабрах і наносяць вельмі сур'ёзныя раненні рыбе.

Таму я лічу, што ўвядзенне і захаванне падобных мераў дазволіць аднаўляцца рыбным запасам самастойна і задавальняць патрэбы рыбаловаў-аматараў.

– Як вы ставіцеся да прынцыпу "злавіў-адпусціў"?

–  Не з'яўляюся заўзятым яго прыхільнікам, але некаторыя віды рыбы не бяру прынцыпова або калі трапляюцца тыя, што занесеныя ў Чырвоную кнігу і не любімыя мною гастранамічна. З ўлову заўсёды бяру столькі, колькі мне трэба, каб задаволіць свае гастранамічныя патрэбы. Звычайна не запасаюся рыбай, бо не люблю гатаваць рыбныя стравы з марожанай рыбы.

Інга Сакута, для Беларускага зялёнага партала


Спасылкi па тэме:

Гродненская ГЭС начинает создавать проблемы

Браконьеры ловят рыбу возле ГЭС



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение