03 Май 2013

Захаванне балот: нацыянальная ідэя для беларусаў

boloto

На адкрытай лекцыі "Балоты Беларусі і іх біяразнастайнасць", якая прайшла 2 мая ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, навукоўцы інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Вячаслаў Раковіч і Наталля Зелянкевіч падзяліліся порцыяй балотных сакрэтаў.

00n1

Трэцяя з цыкла "балотных" лекцый, арганізаванага сіламі "Зялёнай сеткі", была прысвечана відам балот, балотнай расліннасці, магчымасцям у іх выкарыстанні. Зараз на Беларусі асушана каля паловы ўсіх балот, чаму наша краіны губляе такі каштоўны рэсурс, распавёў Вячаслаў Раковіч:

"Торф – гэта галоўная балотная сыравіна. Калі да часоў меліярацыі тарфяныя здабыткі налічвалі каля 5,7 млрд тон, то цяпер яны ацэньваюцца ў 4 млрд тон. Гэта значыць, 1,7 тоны карыснай сыравіны ўжо страчана. Аднак не трэба ўсё спісваць на меліярацыю. Даволі моцна балоты "дабівае" менавіта сельская гаспадарка".

Няўмольная статыстыка падцвярджае словы навукоўца –  70% балот асушаюцца менавіта на сельскагаспадарчыя патрэбы, 25% застаўцца ў складніках ляснога фонду, і толькі 2,4% адведзеныя пад прамысловую здабычу торфа. Акрамя асушэння, балоты пакутуюць ад пажараў, калі гарыць торф.

"Балота – самарэгулюемая сістэма. Калі яго не кранаць, то яно пачынае паводзіць сябе вельмі агрэсіўна – і нават адваёўвае тэрыторыі, увабіраючы ў сябе лес, што прылягае да іх".

Аказваецца, верхавыя балоты ўтрымліваюць да 98% вады – гэта сапраўдныя назапашвальнікі! Такой колькасцю не могуць пахваліцца нават азёры, у якіх вады ў дзясяткі разоў менш, чым у балотных каморах. Таму недахоп прэснай вады нам не пагражае. Прынамсі, пакуль у нас ёсць балоты.

00n2

Па словах Вячаслава Раковіча, на Палессі існуе такая схема: прыватным асобам здаюць за грошы часткі балот пад пасадку морквы, буракоў, кукурузы, капусты. Яно, вядома ж, здорава расце. Але пасля падобных аграэксперыментаў балоты дэградуюць паскоранымі тэмпамі. Вось і ўвесь клопат пра балоты.

Дарэчы, амаль усе балотныя расліны могуць пахваліцца лячэбнымі здольнасцямі – своеасаблівая аптэка атрымліваецца! І гэта пры ўсёй расліннай разнастайнасці – каля 300 відаў раслін з балот занесеныя ў Чырвоную кнігу (гэта 15 % ад усіх раслін).

Беларускія распрацоўшчыкі чаго толькі не навыдумлялі – ўжо існуе і выкарыстоўваецца  фарбавальнік для драўніны, мінеральныя ўгнаенні, біялагічна актыўныя дабаўкі. Што ўжо казаць пра мазі і крэмы – балота здольна нават такую прыгажосць падарыць.

Слухачка лекцыі ў перарыве расказала пра такую з'яву як біяпатагенныя зоны. Гэтыя тэрыторыі – своеасаблівыя фільтры, якія блакуюць радыяцыйныя выкіды. У нашым выпадку, менавіта на гэтых балотах знаходзяцца біяпатагенныя зоны. Перакосы ў меліярацыі балот прыводзяць да таго, што біяпатагенныя зоны пачалі перамяшчацца і цяпер не спраўляюцца са сваёй задачай ачысткі. Пра гэты момант таксама важна падумаць і нават падключыць дзяржаву для вырашэння праблемы.

00n5

 

00n4

Наталля Зянкевіч пачала сваю частку даклада са статыстыкі – па балотах мы на чацвёртым месцы ў Еўропе. Першая тройка – Фінляндыя, Эстонія ды Ірландыя.

00n3

Расліннасць, як было заўважана вышэй, на балотах даволі разнастайная. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягваюць такія прадстаўнікі свету флоры як сфагнавы мох і разважлівы драпежнік "расянка". Сфагнум ніжняй часткай свайго цела старанна назапашвае ваду і здольны ўтрымліваць аб'ёмы большыя ў 30-40 разоў за ўласны аб'ём. Звычайныя цуды сфагнум тварыў у часы Вялікай Айчыннай вайны – многія карысталіся імхом для перавязак, бо сфагнум – выдатны антысептык.

Наталля Зянкевіч распавяла пра валанцёрскі праект "Беларусь Wetlands", які праходзіў ажно сем гадоў – з 2004 па 2011 год. Акадэмія навук выступала адным з арганізатараў праекта. За гэты час наш балотны край наведалі 150 валанцёраў з 40 краін – былі, напрыклад, аматары багнаў з Малайзіі, Трынідада і Табага, Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі. Дарэчы, валанцёр з Філіпін стаў першым прадстаўніком сваёй краіны, які апынуўся на беларускіх землях.

"У ягадны сезон людзі зарабляюць на балотах столькі, што ім хапае на пражыванне ажно на год, – адзначыла Наталля. – Таму тое ж Дакудаўскае балота – раўнапраўны брэнд з "Лідскім" півам, чаму не?"

Да ўсяго вышэйсказанага, балоты немалаважную ролю адыгралі ў беларускай культуры. Так, забалочаныя непралазныя мясціны папросту не давалі традыцыям розных населеных пунктаў змешвацца. Асабліва заўважна гэтая акалічнасць на Палессі, дзе ледзь не ў кожнай вёсцы – свая разнавіднасць вопраткі, ўзору. А гэта значыць, з балот мы можам здабываць не толькі торф, ваду і ягады. Гісторыя – яшчэ адзін з балотных "карысных выкапняў".

Кацярына Радзюк

Фота аўтара



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение