30 Июль 2012

Гарадзенцы мала арыентуюцца ў экапраблемах горада

Ці не ўпершыню ў гісторыі экалагічныя ініцыятывы і арганізацыі Гродна сустрэліся разам, каб абмеркаваць уплыў грамадскасці на вырашэнне экалагічных пытанняў у горадзе. На дыскусійны клуб, арганізаваны аб'яднаннем "Цэнтр "Трэці сектар", прыйшлі таксама прадстаўнікі гарадской інспекцыі аховы прыроды і каардынатар гродзенскага Орхускага цэнтра.

У сустрэчы бралі ўдзел сябры з ініцыятываў "Зялёны Гродна", "ВелаГродна", "Чысты лес – чысты розум", "Преданное сердце", экастудыі, аб'яднання "Ахова птушак Бацькаўшчыны", "Гродзенскага рыбалоўнага таварыства", менскай ініцыятывы "Без болот. Нет", неабыякавыя гараджане, журналісты, эксперты з Менску: грамадскае аб'яднанне "Экадом" прадстаўляла яго старшыня Ірына Сухій, а Яраслаў Бекіш прысутнічаў як прадстаўнік адразу трох арганізацый – "Зялёнай сеткі", 3 групы форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і арганізацыі "Чыстая вада".

На пачатку прысутным было прапанава паглядзець відэапытанне на тэму, якія экапраблемы хвалююць гарадзенцаў. У асноўным мінакі называлі забруджанае паветра – вялікай колькасцю транспарту і прадпрыемствамі, малую колькасць расліннасці ў горадзе. Адзінкава прагучала адсутнасць веластруктуры і будаўніцтва Астравецкай АЭС.

На думку Юлі Каляды, аўтаркі роліка, засмучае той факт, што гарадзенцы мала арыентуюцца ў экалагічных праблемах горада. Часта моладзь гублялася і мала магла штосьці сказаць пра экалагічную сітуацыю ў Гродне.

- Мяне ўразіла, як адзін мужчына сказаў, што ў горадзе ўвогуле няма праблем з экалогіяй. Гэта гаворыць пра тое, што экалагічная тэма ў смі практычна не асвятляецца. Людзям проста няма адкуль браць інфармацыю пра тое, што робіцца з экалогіяй у горадзе. Таму і праблем як бы і не існуе, - мяркуе Юля.

Прысутныя пагадзіліся з тым, што грамадства не далучаецца да рашэння экапраблем ў горадзе і з той прычыны, што проста мала інфармаваная пра іх наяўнасць.

Ладны кавалак часу дыскусіі заняло абмеркаванне існуючых экалагічных праблем у Гродне. Гэта і праблема хворых каштанаў, якія без лячэння могуць знішчыцца цалкам, і паўсюдная вырубка дрэваў у горадзе, і забруджаныя смеццем берагі вадаёмаў:

- На берагах тонны смецця. Азёрскі заказнік яшчэ неяк змагаецца, а каля іншых вадаёмаў ніхто не прыбірае і не вывозіць, – абураецца Вадзім Смалякоў з "Гродзенскага рыбалоўнага таварыства". – Мы ладзім суботнікі па чыстцы такіх тэрыторый, але людзей для гэтага не хапае.

Наталля з ініцыятывы "Адданае сэрдца" паскардзілася, што няма сацыяльна арыентаванай палітыкі, скіраванай на беражлівыя адносіны да жывёл: - Няма ні штрафаў, ніякай іншай адказнасці, у школах дзяцей не вучаць берагчы жывое. Без дзяржаўнай падтрымкі праблему бадзялых жывёл, адстрэлу, лоўлі не вырашыць.

Іаланта Рамановіч, каардынатар Гродзенскага Орхускага цэнтра, працягнула тэму экаадукацыі:

- Вельмі патрэбная сістэматычная праца ў школах па экалагічным навучанні дзяцей. З восені мы пробна распачынаем праграму па экавыхаванні ў старшакласнікаў у адной з гарадзенскіх школ.

Прысутныя заўважылі, што адукоўваць у гэтым кірунку трэба ўжо з дзіцячага садка. Юля Каляда, экалагічная актывістка, звярнула ўвагу, што ў горадзе вельмі мала шырокіх экаакцый, бо на кожную з іх патрабуецца дазвол гарадскіх улад, што значна ўскладняе іх арганізацыю, а часам робіць немагчымай:
- Таму актывісты ладзяць акцыі вузкім колам. Таксама па розных прычынах гарадзенцы сёння мала адгукаюцца на ўдзел у экалагічных акцыях. Напрыклад, праз абвестку ў газеце "Вечерний Гродно" не ўдалося прывесці ніводнага ўдзельніка акцыі "Чысты лес".

Пасля агучвання праблем актывістамі і гараджанамі Андрэй Лубін, старшыня гродзенскай інспекцыі аховы прыроды, паспрабаваў адказаць па некаторых праблемы. Напрыклад, ёсць абяцанні набыць гораду адмысловую машыну, якая дазволіць перасаджваць дарослыя дрэвы, прынамсі, ужо праведзены тэндэр. Машыну інспекцыі паабяцалі пасля гучнай кампаніі ў медыя, падкрэсліў сп. Андрэй.

- Наконт смецця на берагах. Першы пункт правіл рыбалоўства ўтрымліваў пункт пра тое, што рыбак абавязаны прыбраць 5 м паласы, дзе ён сядзіць. Але па нейкіх прычынах гэтае правіла ў Мінску не прайшло. Хачу звярнуць увагу, што вы як грамадскія арганізацыі троху сябе недаацэньваеце – пішыце ў Мінск, патрабуйце, і ёсць верагоднасць, што да вас прыслухаюцца. І пра смі: што газеты напішуць, то людзі і будуць ведаць. Смі могуць моцна дапамагчы ў вырашэнні экалагічных праблем, - упэўнены сп. Андрэй.

Ірына Чуб прывяла ў прыклад выпадак, калі людзі лягалі пад экскаватар, каб уратаваць грабавую алею ад вынішчэння па вул. Тэлеграфнай.

Напрыканцы дыскусіі менскія эксперты падзяліліся пазітыўнымі практыкамі вырашэння пэўных экалагічных праблем і падзяліліся бачаннем, што найбольш эфектыўна працуе ў экадзейнасці. Ірына Сухій:

- Удалым можна назваць факт існавання Грамадскага каардынацыйнага савета пры Саўміне. Не на ўсе сур'ёзныя пытанні мы можам паўплываць. Аднак у любым выпадку гэта пляцоўка для дыялогу і магчымасць для нас вынесці тыя пытанні, якія нас хвалююць, на ўзровень міністэрства. Напрыклад, спыніць незаконныя дзеянні па вырубцы ў Румлёўскім парку ўдалося акурат з Менска.

Увогуле, што тычыцца вырубкі, то часта грамадскасць занадта позна даведваецца пра запланаваныя вырубкі дрэваў, лічыць сп. Ірына. Спыніць машыну тады ўжо вельмі цяжка. Таму чым раней пачнуцца грамадскія слуханні, тым больш шанцаў знайсці кампраміс паміж грамадскасцю і забудоўшчыкамі.

Яраслаў Бекіш падкрэсліў, што існуе заканамернасць: там, дзе сітуацыя не закранае чыесьці грошы, можна штосьці вырашыць. Напрыклад, ёсць вопыт удалага супрацоўнітва з дзяржаўнымі структурамі ў барацьбе з веснавымі паламі. Аднак там няма канфлікту. Калі ідзе размова пра інвестарскія забудовы, то ўся сістэма Міністэрства аховы прыроды на ўсіх узроўнях бяссільная.

Таксама Яраслаў Бекіш распавёў прысутным пра тыя меры, якія, з досьведу ягонай дзейнасці, могуць працаваць у вырашэнні экалагічных праблем. Напрыканцы Яраслаў распавёў, што ў Гродне паўстане мясцовае аддзяленне Таварыства "Зялёная сетка".
Большасць прысутных заявіла пра неабходнасць наступнай сустрэчы гарадзенскіх экаактывістаў.

Вітаўт Руднік, старшыня грамадскага аб'яднання "Трэці сектар", лічыць вынікі дыскусійнага клуба ўдалымі:

- Я задаволены тым, што прыйшлі фактычна ўсе жывыя экаініцыятывы, якія ёсць зараз у горадзе. Таксама задаволены там, што былі агучаныя тыя праблемы, якія хвалююць гэтых людзей. Таксама пазітыўны той факт, што прысутнічалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, якія маглі пачуць агучаныя экаактывістамі праблемы. Я не маю ілюзій, што заўтра раптам усё пачнецца змяняцца ў лепшы бок, але важна, што людзі агучылі праблемы і прадэкларавалі гатоўнасць супрацоўнічаць далей, прычым з абодвух бакоў – актывісты і прадстаўнікі інспекцыі аховы прыроды.

Наступным крокам можа стаць ініцыянаванне адной з экалагічных ініцыятыў ці арганізацый Гродна наступнай сустрэчы па канкрэтных кроках, што можна зрабіць разам, каб грамадскасць была больш інфармаванай пра экапраблемы горада і больш актыўна ўключалася ў іх вырашэнне.

Алеся Бяленiк, Твой Стыль

Здымкі Алісы Чэкатоўскай



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение