23 Апрель 2012

Жыхары Уручча-2 зладзілі суботнік у знак пратэсту

Жыхары мінскага мікрараёна Уручча-2 зладзілі суботнік у знак пратэсту супраць ушчыльнення іхніх прыдамовых тэрыторый. Мясцовая грамада добраўпарадкавала тэрыторыю побач з іх дамамі, а таксама высадзіла дрэвы ў скверы, дзе запланавана будаўніцтва шматпавярховых дамоў.

Кажа кіраўніца ініцыятыўнай групы Валянціна Малюціна:

- Гэта адзінае такое месца ў нашым мікрараёне, дзе можна пасядзець і адпачыць. Людзі садзяць дрэвы і кветкі. Мы не будзем да апошняга саступаць і даваць магчымасць забудоўшчыкам тут ставіць нейкія дамы, нават калі яны і вельмі патрэбныя. Месца хапае. А нам патрэбна зялёная тэрыторыя, каб было месца дзе жыць, адпачыць, увогуле, мець чалавечыя ўмовы.

Барацьба жыхароў мікрараёна Уручча-2 супраць ушчыльнення забудовы ідзе ўжо сем гадоў. Нагодай для чарговага звароту грамадзян у шэраг інстанцый, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта, стаў пачатак будаўніцтва першага з шасці запраектаваных у раёне дамоў. 6-га красавіка кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей даручыў юрыдычнай службе на працягу тыдня правесці старанную праверку законнасці ўшчыльнення забудовы ў мінскім мікрараёне Уручча-2. Пакуль жыхары не атрымалі адказу з Адміністрацыі прэзідэнта.

Аляксандр Ярашэвіч, Радыё Рацыя



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение