10 Октябрь 2011

Гродзенскія раварысты працягваюць змагацца за жыццё без бар’ераў

У пятніцу, 30 верасня, у Гродне адбылася чарговая акцыя "Бардзюрная пятніца". Раварысты горада праехалі па маршруце пл. Савецкая – м-н Вішнявец – пл. Савецкая, каб праверыць, ці выканалі ўлады свае абяцанні наконт дарожнага рамонту па згаданым маршруце.

Арганізатарам акцыі "Бардзюрная пятніца" з'яўляецца мясцовая гродзенская ініцыятыва "Вела-Гродна". Напачатку велаактывісты займаліся правядзеннем акцыі "Крытычная маса" (міжнародная акцыя, накіраваная на папулярызацыю роварнага руху і змаганне за правы раварыстаў), якая, пачынаючы з 2006 года, праходзіла кожную апошнюю пятніцу месяца і паступова набірала папулярнасць сярод велааматараў горада. Пасля таго, як улады прымусілі аматараў ровараў пераехаць на тратуары, арганізатары ініцыятывы вырашылі замяніць "Крытычную масу" "Бардзюрнай пятніцай". Сэнс дадзенай акцыі, у адрозненні ад "Крытычнай масы", якая пераўтварылася ў "пакатушкі" і добрае баўленне часу, у тым, каб палепшыць велаінфраструктуру ў горадзе. На сённяшні дзень у Гродне шматлікія тратуары, за выключэннем цэнтра, разбітыя і маюць вельмі высокія бардзюры. Згодна міжнародным нормам вышыня бардзюра павінна складаць 0-4 см, у Гродне ж яна ў сярэднім дасягае 12-15 см, у некаторых месцах 20 см. Па тратуарах рухаюцца не толькі раварысты, але, таксама, мамы з каляскамі, людзі сталага ўзросту, інваліды-калясачнікі. Такім чынам, праводзячы "Бардзюрную пятніцу", гродзенскія аматары ровараў імкнуцца адстаяць умовы лепшага руху па тратуарах не толькі для сябе, але і для іншых удзельнікаў руху.

Кожны месяц раварысты выбіраюць найбольш папулярны веламаршрут, на якім правяраюць стан тратуараў, замяраюць вышыню бардзюраў, фатаграфуюць разваленыя тратуары, фіксуюць парушэнні і пішуць лісты у ДАІ і гарвыканкам з просьбай выправіць недахопы.

За час існавання "Бардзюрнай пятніцы" (з чэрвеня 2011) было напісана тры лісты ўладам горада. Найбольш адказнай з прадстаўнікоў мясцовай улады апынулася дарожная інспекцыя, якая самая першая адрэагавала на лісты у той час, як гарвыканкам перанакіраваў іх ў ЖКГ, а адказу ад камунальшчыкаў давялося чакаць доўга.

У адказе ДАІ на першы ліст было сказана, што па згаданым раварыстамі маршруце праведзена праверка і ўсе дыфекты будуць выпраўленыя да 15 верасня. Аднак пасля чацвёртай "Бардзюрнай пятніцы" высветлілася, што практычна ніякіх зменаў па маршруце не адбылося: у трох месцах залатаны тратуар, што хутчэй за ўсё звязана з планавым рамонтам дадзенага кавалка дарогі, а не атрыманымі лістамі.

Апроч акцый гродзенскія велаактывісты ў верасні гэтага года правялі Форум, у якім удзельнічалі раварысты з розных рэгіёнаў Беларусі. Форум паказаў, што гродзенская ініцыятыва мае найбольш напрацовак і станоўчых вынікаў у змаганні за правы велааматараў.

– Правядзеннем Форуму мы хацелі падштурхнуць велаактывістаў з іншых рэгіёнаў, каб яны не проста папулярызавалі ровар як від транспарту, а яшчэ і выступалі за развіццё велаінфаструктуры ў сваіх гарадах. На сённяшні дзень у Беларусі шмат групаў велааматараў, але большасць з іх баяцца уступаць у дыялог з уладамі. Думаю, галоўная праблема ў тым, што для нашых чыноўнікаў ровар, у першую чаргу, – від адпачынку, а не від транспарту. Таму ўлады пакуль не спяшаюцца ісці нам насустрач, – падзялілася сваімі ўражаннямі ад Форуму адна з гродзенскіх актывістак Юлія Каляда.

У бліжэйшых планах гродзенскіх раварыстаў ліставанне з чыноўнікамі і закрыццё сезона, у планах на наступны год – правядзенне фестывалю для раварыстаў і другога велафоруму, а таксама шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.

Інга Сакута, для Беларускага Зялёнага Партала


Спасылкі па тэме:

Cайт велосипедистов Гродно
Первая "Бордюрная пятница"
Получен ответ из ГАИ на наше письмо с первой Бордюрной пятницы



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение