17 Май 2012

Пра бар'еры ў стварэнні безбар'ернага асяроддзя

"У мяне ўсё добра. Жыву ў кватэры," - гэты жарт неаднойчы выклікаў іранічны смех ва ўдзельнікаў дыскусіі пра безбар'ернае асяроддзе, якая адбылася ў Гродне 10 мая.

Так можна сцісла ахарактарызаваць жыццё чалавека ў інвалідным вазку, які пачынае сутыкацца з праблемамі на выхадзе з кватэры.

"Мы не просім дапамогі. Дастаткова прыбраць перашкоды," – у адзін голас казалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Трапіць у залу, дзе адбывалася дыскусія, удзельнікам у вазках было праблематычна – спатрэбілася дапамога некалькіх мужчын. У Гродне, як патлумачылі арганізатары дыскусіі, аказалася надзвычай цяжка знайсці пляцоўку, якая адпавядала бы патрэбам людзей з фізічнымі магчымасцямі.

Мадэратарка дыскусіі Галіна Крот, 'Офіс па правах людзей з інваліднасцю'

Гарачыя дыскусіі выклікала абмеркаванне таго, якой дапамогі патрабуе чалавек з абмежаванымі магчымасцямі і ці патрабуе яе ўвогуле. Адна з удзельніц звярнула ўвагу, што часта назіраецца сітуацыя, калі людзі з інваліднасцю самі нічога не робяць для змены свайго становішча, а толькі скардзяцца на праблемы і чакаюць дапамогі звонку. На што некалькі ўдзельнікаў у вазках патлумачылі, што дапамога патрэбная толькі ў змене інфраструктуры:

- З-за таго, што я на вазку, для мяне гарадская архітэктура забівае 90% усяго горада. Куды б я не захацеў пайсці – паўсюль буду бачыць перашкоды. У вячэрняй школе, дзе я навучаўся, хлопцы мяне насілі. Напэўна, так не павінна быць, - распавёў адзін з удзельнікаў.

У Гродне, дзе жыве больш за 300 тысяч чалавек, няма магчымасці навучыцца кіраваць аўто чалавеку ў інвалідным вазку. Трэба ехаць у Вілейку і на свае сродкі жыць там на час навучання або рэгулярна туды ездзіць.

- Мне не патрэбнае шкадаванне, дапамога, асаблівыя мерапрыемствы для інвалідаў ці штосьці яшчэ такое, - патлумачыла паралімпійская чэмпіёнка па плаванні Наталля Шавель. - Мне толькі патрэбна, каб знялі перашкоды, якія не дазваляюць мне свабодна заязджаць у кавярні, тэатр, канцэртныя залі і г.д. Я сапраўды не адрозніваюся ад звычайнага гарадзенца, толькі дайце без перашкод ездзіць на інвалідным вазку.

На закід адной з удзельніц, што "ніхто вам нічога не зробіць, пакуль самі не будзеце настойліва грукацца ў дзверы чыноўнікаў", Сяргей Фешчанка, старшыня гарадзенскага аддзялення Асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, распавёў, колькі гадоў займае перапіска з чыноўнікамі па праблемах бар'ернага асяроддзя. Па словах сп. Сяргея, лісты адсылаюцца пачкамі, але практычнага выніку ад гэтага няма – чыноўнікі дасылаюць адпіскі.

У той жа момант некалькі маладых удзельнікаў на вазках згаджаліся з тым, што самыя людзі з інваліднасцю часам не прыкладаюць намаганняў, каб зрабіць сваё жыццё больш цікавым і разнастайным:

- Калі мы набіралі ўдзельнікаў у наш сацыяльны інтэрактыўны тэатр, то найперш арыентаваліся на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, - распавяла Ганна Яшына, арганізатарка інтэрактыўнага тэатра. – Але ў выніку мала хто з гэтай катэгорыі моладзі хацеў удзельнічаць, ахвотных аказалася надзвычай мала.

Таксама ўдзельнікі на вазках паскардзіліся на пэўную абыякавасць журналістаў да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хоць былі выпадкі, калі пасля гучных артыкулаў у СМІ аб праблемах людзей з інваліднасцю сітуацыя змянялася.

- Аб інвалідах вельмі рэдка пішуць, толькі 3 снежня з'яўляецца нейкі матэрыял або калі з інвалідам штосьці здарыцца, і тое, калі той мае знаёмага журналіста. А раз пра гэтыя праблемы СМІ маўчаць, то, здаецца, іх і няма, - рэзюмаваў адзін з удзельнікаў.

На дыскусію таксама прыйшоў уладальнік фітнес-клубу "Сафонов" Юры Сафонаў, які мае ідэю наладзіць бясплатныя фітнес-заняткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Спачатку для дзетак, а пасля і для дарослых. Пакуль праблема ў тым, што людзі на вазках ў месца размяшчэння клубу – будынак на тэрыторыі ЦСК "Нёман" – заехаць самастойна не могуць, таму іх запрасіць на заняткі праблематычна.

Дырэктар аб'яднання "Гродзенскі дзіцячы хоспіс" Вольга Шульга прапанавала валантэраў сваёй арганізацыі, каб тыя прыязджалі дапамагаць наведнікам на вазках заязджаць у фітнес-клуб. Таксама Юры звярнуў увагу, што цяжка пераадольваць псіхалагічныя бар'еры такім людзям – на першы майстар-клас па вулічных танцах ніхто не прыйшоў.

- Званілі бацькі і пыталіся, ці змогуць іх дзеці ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Па ўсім відаць, за дзяцей было вырашана, што не. Людзі не ўпэўненыя ў сабе, не вераць, што можна займацца фітнесам, маючы праблемы са здароўем, - сказаў з жалем Юры Сафонаў.

Неразова на дыскусіі прагучала, што патрэбна аб'ядноўвацца – людзям, якія маюць магчымасці, і людзям, якія могуць штосьці зрабіць для такіх людзей, каб разам змяняць сітуацыю існавання бар'ернага асяродку. Аднак да канкрэтнага рашэння справа не дайшла.

Што можна лічыць вынікамі гэтай дыскусіі? Хрысціна Марчук, прадстаўніца грамадскага аб'яднання "Цэнтр "Трэці сектар", якое арганізавала дыскусію, кажа, што ёсць некалькі ўзроўняў дыскусіі, па якіх трэба ацэньваць яе вынікі:

- Атрымалася зрабіць пляцоўку для абмеркавання праблемных момантаў бар'ернага асяроддзя. Я задаволеная, што ўдалося пазнаёміць зацікаўленых гэтай тэмай людзей. У гэтым сэнсе я спадзяюся, што з гэтых знаёмстваў штосьці карыснае выйдзе. Не зусім зразумела, з якімі пачуццямі выйшлі ад нас гэтыя людзі, якіх было дастаткова шмат і якія мелі дачыненне да гэтых пытанняў. Але я веру, што такія сустрэчы трэба рабіць.

Мне не спадабалася, што не прыйшло шмат журналістаў, якіх мы запрашалі. Так, у нас не было экшэну, не было карцінкі, скандалу ці акцыі, але тыя рэчы, якія мы абмяркоўвалі, былі вельмі важнымі. Мы акурат казалі пра тыя бар'еры, якія існуюць найперш у свядомасці. І мы, журналісты, грамадскія дзеячы, можам уплываць на сітуацыю. Таму прысутнасць на дыскусіі ўсяго некалькіх журналістаў моцна засмуціла...

Для многіх удзельнікаў дыскусія аказалася патрэбнай.

- Сэнс у гэтай дыскусіі быў. Тое, што мы сабраліся – гэта ўжо крок наперад, - падзяліўся адзін з удзельнікаў сустрэчы Канстанцін. - Я згодны з думкай, якая тут агучвалася, што інваліды часам малаактыўныя. Гэта так. Але каб такі чалавек стаў актыўным, яму трэба дапамагчы зрабіць першы крок. Атрымаўшы інваліднасць, трэба яшчэ да яе адаптавацца. Толькі пасля чалавек можа рабіць нейкія крокі. Спачатку ён патрабуе падтрымкі – як блізкіх людзей, так і дзяржавы. Для некаторых перыяд адаптацыі можа займаць некалькі гадоў, каб чалавек мог выйсці на вуліцу, у краму, не саромеючыся сваёй інваліднасці. І яшчэ: кожны хоча жыць самастойным паўнавартасным жыццём. Але я як інвалід І групы не магу ў поўнай ступені пра сябе паклапаціцца, я патрабую, каб нейкі чалавек знаходзіўся побач, не 24 гадзіны ў суткі, але досыць часта патрэбна. Дзяржава замацавала за мной сацыяльнага работніка, які атрымлівае за гэта 700 тысяч і не мае права нідзе працаваць. Хто будзе гэта рабіць за такі заробак нармальна?...Я жыву паўнавартасным жыццём толькі таму, што вакол ёсць сябры, родныя, знаёмыя. Калі б іх не было – я б існаваў за невялікую дзяржаўную пенсію.

- Я лічу, што на такіх сустрэчах у звычайнага чалавека прачынаецца чалавечнасць, - лічыць адзін з удзельнікаў. - Калі пастаянна не даваць сябе закруціць пагоняй за грашыма і поспехам, калі аглядацца, што вакол ёсць людзі з іншымі каштоўнасцямі, магчымасцямі і патрэбамі, то гэта будзе даваць штуршок да развіцця. Можа, ён нават прывядзе да канкрэтных карысных дзеянняў. Бо ў штодзённасці мы забываем пра існаванне побач такіх праблем і людзей. Таму такія сустрэчы вельмі патрэбныя.

- Ускрыліся тыя праблемы, якія сёння існуюць і якія старанна хаваюцца, - выказаў меркаванне Сяргей Драздоўскі, каардынатар праектаў "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" - Знакамітая беларуская талеранцыя часам любіць усё паліраваць. Таксама цікавым быў момант, як развівалася дыскусія. Спачатку ўсе пачувалі сябе досыць вальяжна, калі казалі пра пазітыўныя моманты чалавека ў інвалідным вазку. У такім віртуальным свеце, канешне, камфортна знаходзіцца. Але калі пачалі закранацца асабістыя пытанні, людзі былі вымушаныя вельмі хутка шукаць адказы на вострыя пытанні. У гэтым я бачу вялік плюс. Таксама адметна тое, што тут сабраліся пазітыўныя людзі, якія спрабавалі пераламіць стэрэатыпы адносна інвалідаў, гэта рэдкі выпадак. Звычайна размова сканчаецца на этапе "мне не падабаецца тваё меркаванне". А сёння адбываўся пошук шляхоў камунікацыі – праз балючае ўсведамленне існуючых праблем.

Алеся Бяленiк, Твой Стыль

Фотаздымкі аўтаркі і Андрэя Мялешкі

Відэа Ганцы Марзы

Крынiца тытульнага фотаздымка


Спасылкi па тэме:

Люди с инвалидностью остаются за бордюром жизни



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение