03 Май 2012

Экацэнтрызм: пазелянець не ад злосці

Што можа зрабіць кожны з нас, каб адцягнуць глабальны геймовэр усяму жывому? Наглядны дапаможнік для тых, хто хоча жыць у стылі «эка».

Tip 1. Устойлівае спажыванне

Каб нашая планета не скапыцілася на вачах, трэба тэрмінова пераходзіць на так званае ўстойлівае спажыванне (sustainable consumption). У гэтым выпадку ты аддаеш перавагу тым таварам, якія ў працэсе вытворчасці, транспартавання і ўтылізацыі мінімальна шкодзяць навакольнаму асяроддзю. Замест лівайсаў, кока-колы і бургераў прыхільнікі ўстойлівага развіцця прапаноўваюць набываць канапляныя порткі, ваду ў шкляных бутэльках і мясцовую гародніну ды садавіну. Або замест выкарыстання безлічы аднаразовых батарэек эксперты раяць патраціцца адзін раз на акумулятары з падзарадкай.

Tip 2. Знакі сертыфікацыі

Каб распазнаць, якую моркву можна хрумкаць, а на якую сабака нават не зірне, існуюць спецыяльныя абазначэнні эка-фрэндлі тавараў. У Беларусі афіцыйна ўведзеная маркіроўка «Натуральны прадукт», якая азначае, што ён экалагічны на ўсіх цыклах існавання і не змяшчае ў сабе ніякіх араматызатараў, фарбавальнікаў або шкодных Е-дадаткаў. Такі значок цяпер можна сустрэць на прадуктах малочнай вытворчасці, сырах або бутэльках з пітною вадою. Але ходзяць чуткі, што гэтая эмблема – чыстай вады «грынўошынг», то бок чарговы маркетынгавы ход, ніяк не звязаны з рэальнымі зменамі ў вытворчасці.

Шырокі распаўсюд атрымалі таксама міжнародныя знакі сертыфікацыі: «Кветка Еўразвяза», «Еўраліст» і расійскі «Лісток жыцця». Іх можна пабачыць на імпартнай каве, гарбаце, на некаторых відах касметыкі ды пральных парашках. Таксама для маладых змагароў за справядлівасць можа аказацца істотным знак Fair Trade, які бароніць інтарэсы дробных фермераў і рабочых на плантацыях ды гарантуе спрыяльныя ўмовы для іх працы.

У крамах побытавай тэхнікі звяртайце ўвагу на знакі энергаэфектыўнасці: прыбор можа адносіцца да класу A–C – мінімальнае спажыванне, D – сярэдняе або E–G – найвялікшыя выдаткі электраэнергіі.

Tip 3. Харчаванне

Цяпер зусім не праблема паласавацца суніцамі ўзімку або пакаштаваць філе аргенцінскай акулы. Але калі ўявіць сабе, які яны праходзяць шлях да абедзеннага стала, колькі на гэта ідзе прыродных і чалавечых рэсурсаў, то нават Магелану робіцца сорамна. Таму эколагі просяць звяртаць увагу на тое, дзе быў зроблены тавар: чым бліжэй да спажыўца, тым меншы экалагічны след ён за сабой пакідае. З гэтай нагоды лозунг «Купляйце беларускае!» атрымлівае дадатковае, экалагічнае значэнне.

Tip 4. Упакоўка

Калі ў супермаркеце ты не ведаеш, які тавар выбраць, бяры заўсёды той, дзе менш упакоўкі. Памятай, што да 60% побытавых адкідаў – гэта ўпакоўка. Таму замест шасці бляшанак піва лепей узяць дзве паўтарахі, а яшчэ лепей – узяць у шкле. З тых жа прычынаў лепей браць аўсянае печыва на вагу, чым «мядзведзікаў Барні» або жменьку рафаэлак.

Звяртай увагу, ці зробленая ўпакоўка з другаснай сыравіны. Найбольш эка-фрэндлі – пластык з пазнакамі HDPE, LDPE, PP або OTHER, бо ён паддаецца перапрацоўванню. Варта пазбягаць пластыку з надпісамі PS або PVC, пры награванні або суседстве з тлустай ежай ён выдзяляе таксічныя для здароўя рэчывы. Звычайна гэта ўпаковачная плёнка, аднаразовы посуд, скрынкі для яек. Гэтыя абазначэнні можна знайсці ў ніжняй частцы або на дне вырабу.

Старайся браць у краме менш мяшочкаў і пакуначкаў, нават калі яны бясплатныя. Лепей набыць адзін раз торбачку з тканіны або авоську і хадзіць на шопінг з ёй, балазе, месца яна займае няшмат. За год такім чынам адзін чалавек «зэканоміць» каля 100 пакункаў.

Tip 5. Вода- і энергазберажэнне

Тэма шырока распрацаваная беларускім тэлебачаннем, але гэта ўсё ж важна. Па-першае, правер усе водаправодныя краны, бо нават танюсенькі струмень вады за год можа напаіць невялічкае племя бушменаў з пустыні Калахары. Па-другое, аддавай перавагу душу перад ваннай, так расходуецца напалову меней вады. Голішся ты, мылішся або чысціш зубы, памятай, што за тры хвіліны з крана выцякае да 45 літраў вады!

Павыкручвай дома і ў офісе ўсе лямпачкі Ілліча і паўстаўляй замест іх люмінесцэнтныя – яны працуюць у 8 разоў даўжэй і спажываюць у 5 разоў менш энергіі. Не стаў лядоўню каля пліты, бо першай прыйдзецца нямала «папацець», каб падмарозіць ежу ўнутры.

Калі сыходзіш з кватэры, даставай штэпселі ўсіх электрадэвайсаў, бо нават у рэжыме stand by яны «смокчуць» электрычнасць, як вампіры трох блэйдаў разам узятых. Існуюць нават адмысловыя калькулятары, якія могуць падлічыць, колькі гэта ў кілаватах.

Tip 6. Смецце

Вядома, што смецце неабходна раздзяляць: пластык – у жоўты кантэйнер, шкло – у блакітны, папяровае смецце – у зялёны. Але трэба ведаць, што разам з пластыкавымі бутэлькамі нельга выкідаць коркі ад іх (з іх можна рабіць усялякі хэнд-мэйд), самі бутэлькі змінай нагой, каб не займалі шмат месца. Таксама туды не варта кідаць тэтрапак-упакоўку з-пад соку і пакеты з-пад малака, кефіру і смятаны. У кантэйнер для шкла не выкідай крышталь, аконнае шкло, люстэркі і лямпачкі. У зялёным кантэйнеры не мусіць быць шпалер, фотапаперы і клейкай стужкі.

Не выкідай у агульнае смецце батарэйкі, акумулятары, энергазберагальныя лямпачкі – для батарэек існуюць спецыяльныя пункты прыёму, лямпачкі, паводле супрацоўнікаў Цэнтра экалагічных рашэнняў, можна здаць у дзяжурныя пажарныя часткі або некаторыя ЖЭСы.

Макулатуру таксама можна адносіць у пункты прыёму ці наўпрост пакідаць каля сметніц – няхай хтосьці іншы заробіць сабе на гумку або цыгарэты. Нават калі ты аднясеш пару цюкоў у школу, іх без размоваў там возьмуць.

Пункты прыёму батарэек:

У Менску: ГЦ «Сталіца», ГУМ, ЦУМ, універмаг «Беларусь», ГД «Гарызонт», ГД «На Нямізе», сетка крамаў «Электрасіла».

Падрабязная гугл-мапа па Менску.

У Брэсце: у ЦУМе на касе, крамы «Разумныя рэчы», «Тэхніка ў побыце», фотастудыя «Малыш».

У Магілёве: у ЦУМе (аддзел побытавай тэхнікі), у гіпермаркеце «ГИППО», у краме «Пяты элемент».

Барысаў: ААТ «Веста-Барысаў» (вул. Гагарына, 105а), Жодзіна – ГУМ (каля аддзела «Электратэхніка»), Светлагорск – крама «Вікторыя» (мікрараён Кастрычніцкі, 24)

Пункты прыёму энергазберагальных лямп у Менску:

ПАСЧ-2 Фрунзенскага РАНС, Бетонны праезд, 33, тэл. 208-66-31;
ПАСЧ-5 Кастрычніцкага РАНС, вул. Магілёўская, 4а, тэл. 224-35-61;
ПАСЧ-8 Першамайскага РАНС, вул. Кнорына, 9, тэл. 280-27-91;
ПАСЧ-13 Маскоўскага РАНС, пр-т Дзяржынскага, 77, тэл. 272-58-92;
ПАСЧ-19 Ленінскага РАНС, вул. Рыбалка, 6, тэл. 298-18-49;
ПАСЧ-36 Кастрычніцкага РАНС, вул. Бярозагорская, 6, тэл. 279-50-01.

Tip 7. Транспарт

Калі ты жывеш у невялічкім горадзе, ці ў вялікім, але маеш час, каб дабрацца да вучобы або працы, карыстайся механічнымі сродкамі транспарту, то бок байкам, скейтам або самакатам. І паветрам падыхаеш, і ногі разамнеш. У іншых выпадках катайся грамадскім транспартам – ён усё роўна ідзе па маршруце, а ты такім чынам даеш падставу для яго існавання.

Калі ты ўсё ж не бачыш свайго жыцця без аўтамабіля, падкінь сябра, суседа ці калегу да месца працы або вучобы, падбяры сіці-стопшчыка за баблос ці за проста так – старайся не ездзіць з пустой машынай.

На невялікія адлегласці (да 500 км) лепей скарыстацца цягніком ці аўтобусам, чым самалётам. Насамрэч, паездка да аэрапорта, рэгістрацыя, узлёт, пасадка, атрыманне багажу, паездка да горада зойме не нашмат менш часу, чым павольнае падарожжа па чыгунцы.

Tip 8. Лічыльнікі

Існуюць некалькі паказнікаў для высвятлення чалавечага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (так званыя калькулятары ўстойлівасці):

«экалагічны заплечнік» адлюстроўвае неабходную колькасць сыравіны для вырабу таго ці іншага прадукту ў кілаграмах. Напрыклад, для вытворчасці залатога пярсцёнка вагою 5 г трэба 2,5 тыс. кг сыравіны, для джынсаў – 10 тыс. кг, для аўтамабіля – 70 тыс. кг;

«экалагічны след» – плошча ў гектарах, неабходная для вытворчасці і перапрацоўвання сыравіны, а таксама для ўтылізацыі адкідаў. У 2007 годзе памер «экалагічнага следу» ў свеце дасягнуў 1,5 плошчы зямной паверхні. Гэта значыць, што чалавецтва спажывае прыродныя рэсурсы ў 1,5 разу хутчэй, чым яны аднаўляюцца.

Падлічыць свой асабісты «экалагічны след» можна тут.

manaxrom, 34mag


Спасылкi па тэме:

Мыслить экологически – это ведь просто?



Комментарии   

 
0 # nadzeja 2012-05-08 22:41
Дзякуй за цудоўныя абагульняючыя парады для экажыцця, але выраз тыпу "эка-фрэндлі" выклікае абурэнне на аўтара, які прапаведуе чысціню экалагічную сродкамі забруджвання мовы, што супярэчыць канцэпцыі УР.
Ответить | Ответить с цитатой | Цитировать
 
 
0 # editor 2012-05-09 13:43
Согласны, но ваш тезис адресован скорее автору статьи с 34mag.
Ответить | Ответить с цитатой | Цитировать
 

Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение