22 Апрель 2013

Грошы з паветра: прырода супраць атама

sunen

Якімі сродкамі дзяржавы падтрымліваюць развіццё аднаўляемай энергетыкі? У кожнай краіны – сваё рашэнне.

ЗША: «все идет по плану»

Як не дзіўна, штуршком да падтрымкі аднаўляемай энергетыкі ў ЗША стаў фінансавы крызіс. А дакладней, меры па ягоным пераадольванні, якія прапанаваў антыкрызісны "план Полсана", прыняты ў 2008 годзе. Закон заахвочвае "сонечны бум": дае 30% падатковыя ільготы вытворцам абсталявання для фотаэлектрычных і тэрмальных станцый. Фабрыкі і заводы з аднаўляемым энергазабеспячэнем атрымліваюць аналагічны падатковы бонус. Выкарыстанне энергіі ветру і хваляў таксама выкрэслівае 30% падатковага кошту. Што датычыцца звычайных жыхароў, якія набываюць сонечныя батарэі для ўласных дамоў – для іх таксама прадугледжаныя 30% ільготныя зніжкі. Дарэчы, стандартная сонечная мікраэлектрастанцыя на даху абыходзіцца амерыканцам у 12-14 тысяч даляраў, а да прыняцця закона гэтая лічба была ў 2 разы большая - 24 тыс. даляраў.

Ровары – трагедыя для нацыянальнай эканомікі, але гэта ні ў якім разе не датычыцца ЗША. "План Полсана" падтрымлівае экалагічна чысты транспарт: фірмам, якія бясплатна выдаюць сваім супрацоўнікам ровары, прызначаны падатковыя бонусы. Пакупнік электрамабіля атрымлівае ільготу памерам да 7.500 даляраў, а за цяжкі від экалагічнага аўтатранспарту, напрыклад, трактар – да 15. 000 даляраў.

winden

Еўразвяз: "зялёны" дзяржкантроль

Краіны ЕЗ сур'ёзна задумваюцца пра будучыню: да 2020 года не менш за 20% энергіі павінна выпрацоўвацца ад аднаўляемых крыніц энергіі. Лічба і дата акрэсленыя, уведзеныя  жорсткія патрабаванні. Зараз кожная з дзяржаў ЕЗ мае права прымусіць вытворцаў і спажыўцоў вырабляць і выкарыстоўваць зададзеныя аб'ёмы энергіі. Кампаніі і прадпрыемствы не маюць выбару, бо пастанова абавязковая. Хіба што – выплаціць штраф. Прадпрыемствы, якія граюць па правілах, атрымліваюць "зялёны сертыфікат" – своеасаблівае пасведчанне, дзе адлюстравана, колькі і якой аднаўляемай энергіі вырабілі і прадалі на рынку вытворцы.

Яшчэ адзін дзейсны падыход удала практыкуе Германія – ўвядзенне тарыфнага рэгулявання. Аднаўляемая энергетыка – справа дарагая, адразу акупіцца не можа. Таму дзяржава запрашае да супрацоўніцтва інвестараў і заключае доўгатрывалыя кантракты – як мінімум на 20 гадоў. У выніку расходы інвестараў ад вытворчасці нетрадыцыйнай энергіі раскідваюцца па ўсіх спажыўцах – і ў шараговага грамадзяніна Германіі час ад часу на 1,5 еўра вырастае штомесячная плацёжка за электрычнасць.

Нядаўна ў Англіі была ўведзена сістэма дзяржаўнай падтрымкі аднаўляемай энергетыкі. Да 30% кошту сонечнай батарэі можна атрымаць у якасці субсідыі. Лішкі энергіі, атрыманай ад сонечных батарэй, прадаюцца ў 4 разы даражэй за энергію, атрыманую з традыцыйных крыніц. Чым не стымул для развіцця сонечнай энергетыкі?

Іспанцам энергію пастаўляюць сонца і вецер. Самая першая праграма па падтрымцы гэтых крыніц энергіі была ажыццёўлена ў Барселоне яшчэ ў 1996 годзе. Мясцовыя ўлады загадалі будаўнікам паўсюль усталёўваць сонечныя батарэі. Ідэя іспанцам настолькі спадабалася, што праз дзесяцігоддзе патрабаванне ператварылася на агульнанацыяльнальны закон. Дарэчы, мясцовыя ўлады, нягледзячы на субсідыі ЕЗ, і да гэтай пары аплочваюць да паловы коштаў за неабходнае абсталяванне.

energiya solnca

"Зялёны Дыснэйлэнд" па-скандынаўску

Скандынаўскія краіны ў пытанні аднаўляемай энергіі цалкам руйнуюць міф пра ўласную "тармазнутасць" – збольшага тут яны могуць даць фору любой еўрапейскай краіне. Напрыклад, Фінляндыя, багатая лясамі, выжывае за кошт біяпаліва і энергіі мора.

Шведскія чыноўнікі на 5 гадоў вызваляюць прадпрыемствы  ад выплаты энергетычнага падатку. Дзяржава выдзяляе спецыяльныя субсідыі для рэканструкцыі старых будынкаў заводаў, а калі вы жадаеце пабудаваць ветраэлектрастанцыю – ніякіх перашкод не будзе, дазвол атрымаць вельмі лёгка.

У Даніі спадзяюцца забыцца на традыцыйныя крыніцы энергіі ўжо ў 2050 годзе – сёння вецер пакрывае 20% выкарыстоўваемай энергіі. Аднак з нядаўняга часу тарыфныя ільготы на вытворчасць энергіі ветру знізіліся, што вельмі расчаравала інвестараў. Цяпер жыхарам Даніі даводзіцца расплочвацца за аднаўляемую энергетыку з уласнай кішэні – ажно ў 2 разы вырас "зялёны падатак" .

Калі датчане робяць стаўку на вецер, то іхнія суседзі-нарвежцы – лідары па воднай энергетыцы. Нарвегія цалкам задавальняе свае патрэбы па энергазабеспячэнні і нават можа экспартаваць лішкі энергіі ў іншыя краіны. Пры гэтай акалічнасці, асаблівыя падатковыя ільготы за выкарыстанне аднаўляемай энергетыкі ў краінах "зялёнага Дыснэйлэнда" не прадуглежваюцца.

Чаму ўсходнія славяне не сябруюць з аднаўляемай энергетыкай?

"Расійскі спажывец не гатовы плаціць са сваёй кішэні за аднаўляемую энергію", - лічаць эксперты. Дзякуючы багатаму запасу карысных выкапняў, Расія яшчэ доўгі час можа не клапаціцца пра аднаўляемыя крыніцы энергіі, аднак  колькі год пасля рызыкуе застацца ў хвасце. Зараз аднаўляемая энергетыка РФ не перавышае 1%. Тым не менш, асобныя праекты па атрыманні аднаўляемай энергіі вядуцца – выкарыстоўваюцца сонечныя батарэі і будуюцца "пасіўныя" дамы (апошнія, дарэчы, гонар Даніі).

Залежнасць Украіны ад паставак расійскага газа вымушае шукаць выйсце ў нетрадыцыйнай энергетыцы. Так, згодна з планам, да 2020 года ўкраінскія прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць аднаўляемую энергію, не будуць выплочваць падатак на прыбытак.

У Беларусі аднаўляемая энергетыка развіваецца марудна – магчымасці ёсць, аднак няма інвестараў. Кажуць, што даволі ўдала можна развіваць гідраэнергетыку у Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Ёсць і сярэдні па мерках патэнцыял для развіцця сонечнай энергетыкі. Дарэчы, беларускі стымулючы падатак ніжэйшы за падатак Еўразвяз. Акрамя таго, інвестары атрымаюць  ільготы – не будуць выплочваць  падатак на прыбытак пры ўвозе абсталявання і вызваляцца ад зямельнага падатку. Словам, умовы ёсць, ды былі б грошы.

Кацярына Радзюк



Комментарии   

 
0 # НА: Грошы з паветра: прырода супраць атамаАндрэй 2013-04-22 16:31
Цiкава, цiкава... але чаму нiхто не звяртае ўвагу на геаграфичнае становiшча нашай краiны?) Колькi сонечных дзён у год? Якая сягэдняя працягласць сонечнага дня? А гэта вельмi важкi фатар для развiцця сонечнай энэргетыкi.
Што датычыцца развiцця гiдраэнэргетыкi... Цi могуць нашыя павольныя рэчкi з'яўляцца добрай высновай для будавання ГЭС? Не, гэта, канешне, можна рабiць, але цi будзе гэта мець годны КПД?
Вецер... магчыма, калi б Беларусь быля сцяпной краiнай, альбо горнай, то б гэта iдэя мела пэўную прывабнасць. А так... ну вось якая хуткасць ветра патрэбна, каб праца вятрака мела прыбытак?

Я не супраць развiцця альтэрнатыўнай энэргетыкi. Я толькi за! Але вельмi добра разумею, што геаграфiчнае становiшча Беларусi вельмi дрэнна гэтаму спрыяе.
Ответить | Ответить с цитатой | Цитировать
 

Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение