11 Март 2013

Катастрофа ў Фукусіме: сумная гадавіна

1 7071Адна з двух найбуйнейшых катастроф у гісторыі ядзернай энэргетыкі ужо не прыцягвае пільную ўвагу сусветных СМІ. Але катастрофа працягваецца. Сенсацыі больш няма. Засталіся жахлівыя будні. Наш сённяшні матэрыял - пра наступствы аварыі на АЭС Фукусіма-Даічы з адлегласці ў два гады.

Аварыя на АЭС Фукусіма-Даічы, якая пачалася 11 сакавіка 2011 года, спаборнічае з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС за званне найвялікшай ядзернай катастрофы. Поўны маштаб японскай бяды можна будзе ацаніць толькі праз некалькі гадоў. На сёння аварыя не завяршылася, але варта яшчэ раз зірнуць на яе, каб вынесці тыя ўрокі, якія не былі вынесеныя з Чарнобыля.

Фукусімская катастрофа – тэхнагенная, а не прыродная, як хацелі б прадставіць адвакаты ядзернай энэргетыкі. Як і ў Чарнобылі, рэактар быў прынцыпова хібнай канструкцыі, што «дапамагло» аварыі. Да таго, кампанія-аператар ашчаджала на мерах бяспекі, а кантралюючыя інстанцыі заплюшчвалі вочы на недахопы. Гэта не выключна японская сітуацыя – такі стан у ядзернай энэргетыкі па ўсім свеце. Прытрымліванне дастатковых мераў бяспекі робіць яе зусім эканамічна недзеяздольнай.

Як і ў Чарнобылі, эвакуацыя людзей з радыяцыйна забруджаных тэрыторый адбылася позна. Як і ў Чарнобылі, улады краіны і МАГАТЭ спрабавалі схаваць сапраўдны памер аварыі (у японскім выпадку далучыўся бізнэс у выглядзе кампаніі TEPCO). Як і ў Чарнобылі, наступствы аварыі расцягнуцца на дзесяцігоддзі і стагоддзі. Вынікам руйнавання адразу трох рэактараў сталі вялізныя чалавечыя і грашовыя страты на ліквідацыю аварыі, вывад АЭС з эксплуатацыі, перасяленне. Вельмі вялікія таксама страты сельскагаспадарчых земляў і рыбных угоддзяў.

З 1 красавіка 2012 года ўступілі ў дзеянне новыя нормы на ўтрыманне радыяцыі ў прадуктах харчавання: 100 бэкерэляў на кілаграм для большасці прадуктаў і 50 бэкерэляў на кілаграм у ежы для немаўлятаў і пітнай вадзе. У заўважнай частцы правераных прадуктаў (асабліва ў грыбах, рыбе і дзічыне) ўтрыманне радыяцыі перавышае дазволеныя ўзроўні.

160.000 чалавек мусілі пакінуць свае дамы ў наваколлях АЭС Фукусіма-Даічы. Значная частка іх жыве ў часовых паселішчах у надзвычай сціплых нават па беларускіх мерках жытлах. Многія выехалі да сваякоў у іншыя рэгіёны Японіі і нават за мяжу. Вялікая колькасць жанчын вымушана была зрабіць аборты (дакладную лічбу назваць немагчыма, бо статыстыка недаступная). Нягледзячы на прафілактычныя меры, у дзетак з прэфектуры Фукусіма было выяўлена некалькі выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

У адрозненне ад Чарнобыльскай аварыі, у Фукусіме большая частка радыяактыўнасці была выкінутая не ў атмасферу, а ў акіян. Гэта можа прыхаваць на нейкі час наступствы аварыі, а потым праявіць іх нечаканым чынам (напрыклад, праз забруджаную рыбу, вылаўленую ў сотнях кіламетраў ад месца аварыі). Даследчык з Такійскага універсітэта марскіх навук і тэхналогій Джота Канда на падставе афіцыйных дадзеных пра ўтрыманне радыянуклідаў у бухце каля Фукусіма-Даічы паказаў, што выкіды ў акіян хаця і зменшыліся ў памерах, не спыняліся цягам 2012 года. Фукусімскія выкіды праз паветра распаўсюдзіліся па ўсім паўночным паўшар'і, у тым ліку і ў Беларусі, а фукусімскія выкіды, як прадказваюць навукоўцы з акіянаграфічнага інстытута Вудс Хоўл (ЗША), распаўзуцца прынамсі па паўночнай частцы Ціхага акіяна.

Пасля пачатку аварыі ў японскім грамадстве шырока распаўсюдзілася меркаванне, што трэба закрываць усе АЭС. Грамадскасць цісне на ўрад, каб так і адбылося. Але атамнае лобі таксама моцнае. Шаля вагаў гайдаецца ў розныя бакі, і складана прадказваць, як будуць далей развівацца падзеі.

Перыядычна з вуснаў японскіх чыноўнікаў высокага рангу гучаць словы пра намер узяць курс на закрыццё ўсіх АЭС, але потым адбываецца адкат на больш спрыяльныя для атамнай энэргетыкі пазіцыі. 6 жніўня 2011 года тагачасны прэм'ер-міністр Японіі Наота Кан заявіў, што краіна адмаўляецца ад развіцця атамнай энэргетыкі. Але ўжо пры канцы жніўня ён мусіў сысці з пасады з-за сваёй непапулярнасці. Пры наступным прэм'ер-міністры Ёшыхіка Нода курс на вызваленне ад ядзернай энэргіі стаў менш паслядоўным.

Чатыры аварыйныя рэактары АЭС Фукусіма-Даічы былі афіцыйна выведзеныя з эксплуатацыі 19 красавіка 2012 года. У Японіі засталося 50 дзеючых рэактараў на АЭС. Да вясны 2012 усе яны былі спыненыя да прывядзення іх у адпаведнасць з новымі нормамі бяспекі. 2 рэактары на АЭС Оі ізноў сталі вырабляць электрычнасць летам 2012, нягледзячы на бурныя пратэсты. Але ўрад Японіі, сфармаваны дэмакратычнай партыяй, прыняў рашэнне паступова зачыніць усе рэактары да 2030-х гадоў уключна.

У выніку апошніх парламенцкіх выбараў у снежні 2012 года да ўлады вярнулася ліберальна-дэмакратычная партыя, вядомая сваімі больш відавочнымі праатамнымі сімпатыямі. Хаця ў цяперашнім палітычным клімаце нават праатамныя ўрадоўцы асцерагаюцца адкрыта выказвацца за хуткае вяртанне ў сетку ўсіх АЭС, але верагоднасць перагляду ранейшага рашэння высокая.

Паколькі ранейшыя рэгуляцыйныя органы ў галіне атамнай энэргетыкі цалкам страцілі давер, у 2012 годзе быў створаны Нацыянальны рэгуляцыйны орган (National regulational authority). Практычна ўсе спецыялісты і кіраўнікі ў ім – прадстаўнікі ранейшых структур, але ім трэба прынамсі ствараць уражанне грунтоўных зменаў. Зараз абмяркоўваецца чарнавы варыянт новых стандартаў бяспекі. Каб выканаць іх, аператарам АЭС давядзецца дабудоўваць новыя канструкцыі (напрыклад, плаціны супраць цунамі), змяняць старыя (напрыклад, сістэмы вентыляцыі на рэактарах фукусімскага тыпу з вадой, што кіпіць). НРО абяцае не спашацца з раздачай дазволаў на працу АЭС. Заяўкі ён пачне прымаць толькі летам. Значыць, у бліжэйшыя месяцы перспектыва запуска большай колькасці рэактараў Японіі не пагражае.

Варта адзначыць, што Японія можа абысціся без АЭС, што краіна і дэманструе нам зараз. У Японіі дастаткова электрастанцый на выкапнёвым паліве і гідраэлектрастанцый, каб задаволіць існуючы ўзровень спажывання. Апрача таго, Японія ўжо пачала развіваць ўзнаўляльную энэргетыку (без уліку ГЭС) і мае добрыя перспектывы ў гэтым кірунку (асабліва ў геатэрмальнай энэргетыцы). Пытанне вяртання АЭС у сетку ўзнімаецца толькі па той прычыне, што энэргетычныя кампаніі хочуць працягваць атрымліваць ад іх прыбытак.

Хочуць атрымліваць прыбытак – але не гатовыя плаціць па рахунках у выпадку аварыі. Памеры стратаў, звязаныя з аварыяй, ацэньваюцца ў сотні мільярдаў еўра. Ад TEPCO патрабуюць заплаціць толькі каля дваццаці мільярдаў. Японскія законы пра матэрыяльную адказнасць кампаніі-аператара АЭС за наступствы аварыі даволі строгія. У большасці іншых краін адказнасць атамшчыкаў заканадаўча абмяжоўваецца некалькімі мільярдамі еўра.

Асноўныя кошты стратаў, выкліканыя аварыяй у Фукусіме, аплочваюць перасяленцы ды іншыя простыя людзі-падаткаплатнікі. Перасяленцы, бо кампенсацыйныя выплаты атрымліваюць у памеры, які не дазваляе як след асталявацца на новым месцы (і тыя выплаты атрымліваюць не ўсе). Перасяленцам не кампенсуецца кошт назаўжды страчаных дамоў, зямлі ды іншай маёмасці. Падаткаплатнікі, бо сама кампанія TEPCO аплочвае меншую частку звязаных з аварыяй страт – асноўную нагрузку нясе бюджэт.

У абмен на ўкладзеныя ў кампенсацыйныя выплаты сродкі японскі ўрад атрымаў кантрольны пакет акцый кампаніі TEPCO. Але гэта толькі замацоўвае становішча, пры якім сродкі на ліквідацыю наступстваў аварыі будуць паступаць з кішэняў простых японцаў.

Кампаніі, якія ў свой час паставілі рэактары ненадзейнай канструкцыі на АЭС («Джэнерал электрык», «Хітачы» і «Тошыба»), не толькі вызвалены ад якой-кольвечы матэрыяльнай адказнасці за гэта, але і атрымліваюць прыбыткі ад удзелу ў ліквідацыі наступстваў аварыі.

Перад гадавінай фукусімскай катастрофы па Японіі і па астатнім свеце пракацілася хваля антыатамных дэманстрацый. Іх удзельнікам відавочна, што ядзерная энэргетыка – небяспечная для людзей і ўсяго жывога, эканамічна стратная і нават амаральная тэхналогія. Спадзяемся, што яны здолеюць давесці сваю рацыю японскаму ўраду ды іншым праатамным урадам планеты.

Уладзімір Валодзін,

па матэрыялах «Грынпіс», японскай і міжнароднай прэсы



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение