18 Март 2013

Энергазберагальная лямпачка: бонусы і “шкілеты ў шафе”

glavnja-lampochki
Да дня энергазберажэння "Зялёная сетка" зладзіла апытанку – як ставіцца моладзь да выкарыстання энергазберагальных лямпачак?

Лямпачка Ільіча, усё яшчэ папулярная ў Беларусі, паступова здае пазіцыі галоўнага асвятляльніка. На змену ёй ідзе лямпачка-энергаахоўніца. Нават сваім знешнім выглядам – закручаная ў мазгавідныя спіралькі, яна заклікае зрабіць правільны выбар на сваю карысць. Але якія "шкілеты" схавала гэтая прыгажуня  ў сваёй шафе? Ці ўсё так гладка і бяспечна і што мы павінны зберагаць у першую чаргу – здароўе ці энергію? Усе пытанні да лямпачкі!

deika

Андрэй Юрыстоўскі, 29 гадоў, Кіеў: 

- Амаль не карыстуюся прынцыпова, бо лямпачкі мала таго што дарагія, дык яшчэ і больш шкодныя для наваколля за звычайныя. І яшчэ я не ведаю, куды іх здаваць - бо выкідаць на сметнік не можна з-за атруйнага газа. Энергазберажэнне без думкі пра утылізацыю - гэта не «па-зялёному» ні разу. Асабліва ненавіджу, калі лямпачкі лопаюцца ў маім пакоі, і ўсё трэба праветрываць.

Збольшага энергалямпачкі халодным свецяць, і больш электрамагнітных хваляў выпускаюць да таго ж (пішчалка вымяральная побач з імі ў разы гучней пішчыць). Энергазберажэнне  трэба лічыць не толькі па святлу, якое выпускаецца асобна лампачкай, а яшчэ і па энергіі, якую на гэтую лампачку - з газамі, з адчувальна больш складанымі тэхналогіямі - вытрацілі, пакуль яе вырабілі. Скруціць доўгую тонкую трубачку ў такую  спіральную форму  цяжэй, чым надуць адзін адносна просценькі пузырочак. 

Дарэчы, у мяне ў калідоры якраз энергазберагальная лямпа стаіць. І яна не адразу «запускаецца», а недзе аж праз секунду - таксама мінус.

sasha2

Аляксандр Кухарчук, 21 год, Брэст:

- Маё стаўленне неадназначнае.  З аднаго боку - усё той жа шкодны ўплыў, электрамагнітнае выпраменьванне - гэта праўда. Як па мне, дык знаходзіцца на адлегласці не бліжэй за 15-20 сантыметраў ад настольнай лямпы - не самы лепшы варыянт.

З іншага боку, яны сапраўды даўгавечныя (адна лямпачка на кухні гарыць ужо 2 гады, у той час як звычайныя лямпы напальвання трымаюцца не больш за пару месяцаў – чаму?). Аргументы пра халоднае святло не працуюць, бо ёсць людзі, якім такое святло падабаецца больш, а ёсць энергалямпачкі з больш "цёплым" святлом, знайсці не складана. Наконт утылізацыі - усё сумна, гэта факт. У гарадах, дзе ёсць Белкалмет (іх прыкладна з дзясятак) - трэба здаваць туды. Праблемы дзве. Першая - людзі пра гэта не ведаюць і выкідваюць у лепшым выпадку ў скрыні для батарэек, у горшым - адразу ў сметніцу. Другая - у большасці населеных пунктаў іх проста няма куды здаваць.

ivanova1

Таццяна Іванова, 21 год, жыве ў мінскім інтэрнаце №11:

- Энергазберагальныя лямпачкі ўстаноўленыя ва ўсіх блоках інтэрната БДУ №11, таму хочаш-не хочаш, карыстацца даводзіцца. Калі б жыла асобна ў кватэры - выкарыстоўвала б іх толькі ў некаторых памяшканнях, дзе святло лямпы патрэбна больш-менш пастаянна (напрыклад, калідор ці зала). Сапраўды, атрымліваецца выгодна з фінансавага пункту гледжання (лямпы трэба радзей мяняць дый энергіі яны спажываюць менш за звычайныя лямпачкі).
Негатыўных эфектаў, звязаных з расходамі ці здароўем, не назіраю. А для замены лямпачак заўжды выклікаем майстра, які забірае адпрацаваную лямпачку з сабой. Дарэчы, лямпачкі, устаноўленыя ў інтэрнаце - выключна беларускай вытворчасці: яны і таннейшыя, і цокаль заўжды падыходзіць. За тры гады жыцця ў інтэрнаце кожную з лямпачак мы аднойчы памянялі. То бок, вытрымлівае лямпа ў сярэднім 3 гады службы. Ведаю, што ў новых інтэрнатах паўсюль ставяць энергазберагальныя лямпы, а ў старых, кшталту інтэрната №1 БДУіРа, студэнты абыходзяцца і звычайнымі "лямпачкамі Ільіча". Хаця адміністрацыя патрабуе зберагаць энергію.

Чула не раз пра выпадкі, калі энергазберагальныя лямпы "ўзрываліся". Сама сведкай не была, але, мяркую, гэта не надта прыемнае відовішча. Лічу, што гэта - брак вытворцы, а не недапрацоўка самой тэхналогіі.

kanstancin

Канстанцін Міхалевіч, 25 гадоў, Мінск:

-  Я якраз з тых, хто любіць халоднае святло: рэзкія абрысы прадметаў - зручна падчас працы з дробнымі прадметамі, і наогул мне падабаецца. Яшчэ сярод перавагаў - яны значна менш грэюцца, і нельга апячы рукі аб іх, ці прапаліць нешта. 

Але каштуюць яны сапраўды дорага, утылізаваць цяжка: калі гарантыйны тэрмін не выйшаў - можна занесці ў краму назад, нават кампенсацыю атрымаць, калі выйшаў - трэба шукаць адмысловыя пункты.

Burenkin sm

 

Дзмітрый Буронкін, спецыяліст Цэнтра экалагічных рашэнняў па ўзнаўляльных крыніцах энергіі:

-  Эканомія энергіі ад карыстання энергазберагальнымі лямпачкамі відавочная  - так можа кожны сесці з калькулятарам і падлічыць, што і як. Але ж па праўдзе, энергазберагальныя лямпачкі - гэта пераходны этап ад лямпачак Ільіча да святлодыёдных лямпаў."Дыёды" больш бяспечныя,  больш энергіі эканомяць, больш служаць - каля 5-6 гадоў. Кошт, праўда, немаленькі - каля 100 тысячаў рублей, і пры замове лямпачкі ў Інтэрнеце ёсць рызыка патрапіць на няякасны прадукт. Таму пакуль што святлодыёды – у планах на будучыню.

З энергазберагальнымі лямпачкамі клопату нямала. Галоўная праблема – ўтылізацыя. Калі ў сталіцы ёсць спецыяльныя месцы для здачы адпрацаваных лямпачак (гл. greenmap.by), то ў рэгіёнах з гэтым цяжка. Зараз мы прапануем ствараць спецыяльныя пункты прыёма ў школах, каб сабраць як мага больш лямпачак – яны ж месцяць у сабе ртуць, калі паб'юцца, то сметніцы будуць кішэць атруйнымі газамі. Калі не можам пераапрацаваць іх, дык хаця б збяром у адным месцы. Другі напрамак вырашэння праблемы – супрацоўніцтва з крамамі. Каб спажывец мог здаць лямпачку і атрымаць зніжку на пакупку наступнай. Але ізноў жа – гэта толькі планы, якія патрабуюць ажыццяўлення. 

Што датычыцца шкоды для здароўя, яна, зразумела, існуе – усё ж такі, ртуць. Аднак сусветнавядомыя фірмы пачалі выпускаць лямпачкі, у якіх зніжаная рызыка шкоднага ўзаемадзеяння ртуці з кіслародам. То бок, не ўсё так сумна.

Проста факты:

- Кангрэс ЗША прыняў пастанову аб татальнай адмове ад лямпачак напальвання ў 2013 годзе. Расія збіраецца падтрымаць аналагічную ініцыятыву ў 2014 годзе.
- Звычайная лямпачка напальвання ў Беларусі каштуе ад 1700 рублёў, энергазберагальная – ад 24 000 рублёў, святлодыёдная –  каля 100 000 рублёў.
Асцярожна! У лямпачках месціцца каля 5 мг ртуці – вельмі таксічнага рэчыва. Пары ртуці "забіваюць" ныркі, пячонку.

Кацярына Радзюк



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение