У бібліятэках, кінатэатрах, інтэлектуальных кавярнях сталіцы і абласных цэнтраў з'явяцца стэнды з візітоўкамі недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў і кампаній. Гэтак плануецца зрабіць грамадскія арганізацыі больш заўважнымі.
Дзявятага ліпеня ў мініскім офісе Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend быў прэзентаваны праект "PR cацыяльна значных праектаў" у межах грамадскай ініцыятывы PRацоўня сацыяльнай рэкламы. Місія праекту – зрабіць станоўчае больш заўважным у соцыюме.
У папулярных людных месцах сталіцы і абласных цэнтраў Беларусі размесцяць стэнды з візітоўкамі разнастайных недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній, курсаў.
Мяркуецца, што такімі люднымі месцамі будуць бібліятэкі, кінатэатры, інтэлектуальныя кавярні. Сярод удзельнікаў пілотнага праекту – і часопіс па правах чалавека LawtrendMonitor, і кампанія "За НЕсмяротнае пакаранне", і Офіс па правах людзей з інваліднасцю", і дабрачынная крама "Калі Ласка", і Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў.
Больш візітовак можна пабачыць тут.
Аўтар ідэі – кіраўнік Lawtrend Алена Танкачова, каардынатар і капірайтар – Юлія Рымашэўская.
Паводле Юліі, такі праект наспеў даўно: "Вось колькі няўрадавых арганізацый ці ініцыятыў назаве звычайны жыхар Менску, калі яго прыпыніць на вуліцы – і запытацца? 10? 5? 30? А насамрэч іх толькі зарэгістраваных – каля трох тысяч. А ёсць яшчэ тыя, што не патрабуюць рэгістрацыі і тыя, што не зарэгістраваныя з іншых прычын".
Бракуе вядомасці праектаў НДА, на погляд Юліі, – недастатковыя высілкі распаўсюду пра сябе інфармацыі, а таксама абыякавасць да сацыяльнай праблематыкі з боку СМІ:
"Паводле некаторых даследванняў, у постсавецкіх рэспубліках унікальна высокі ўзровень даверу да інфармацыі, падаванай СМІ. Таму, акцэнтуючы ўвагу на той ці іншай з'яве, праблеме альбо наадварот, ігнаруючы нешта – СМІ фармуе ўяўленне пра гэта ў сваіх чытачоў, слухачоў, гледачоў. А тэндэнцыі, агульныя для журналістыкі паўсюдна – гэта пошук сенсацыі і скандалу і негатыву. І гэтага негатыву ўвесь час более. А тым часам добрага не становіцца менш. Яго проста ўсё меней заўважаюць. І, на наш погляд, добраму і станоўчаму ў жыцці патрабуецца PR. Яго "ёсць у нас", як той казаў. Мы спадзяемся на падтрымку з боку СМІ. Давайце падкрэсліваць – патрэбнае ў жыцці. Курсівам ці bold: як заўважней".
Адказваючы на пытанні пра будучае развіццё праекту, Рымашэўская падкрэсліла значнасць выкарыстання ўсяго патэнцыялу зробленага: "Часцяком здараецца, што файны прадукт губляе сэнс ад недапрадуманасці распаўсюду. І ляжыць, сам сабе такі прэўкрасны, на паліцах, пыліцца. Мы не жадаем патрапіць у гэтую пастку. Найперш зробім акцэнт на распаўсюдзе нашых стэндаў. Шукаем аднадумцаў і адкрыты да прапаноў пляцовак для іх".
Источник: www.ampby.org