02 Март 2013

Вырашэнне экалагічных праблем – агульная справа

Амаль паўгода ў нашым горадзе афіцыйна існуе Орхускі цэнтр. За гэты час яго спецыялісты атрымалі 41 зварот ад грамадзян і юрыдычных асоб. Многа ці мала гэта – казаць пакуль цяжка.

Цэнтр знаходзіцца яшчэ толькі ў пачатку свайго развіцця. Аднак ужо зараз праведзена шмат сустрэч з навучэнцамі школ, бібліятэкарамі ды студэнтамі. У часе сустрэч расказваецца пра экалагічныя праблемы горада і краіны.

Аб наяўнасці праблем кажуць тыя самыя 41 зварот. Што ж хвалюе гродзенцаў?

Напрыклад, вырубка дрэваў у горадзе. Тэма гэта зараз вельмі актуальная і балючая для гараджан. Спецыялісты Орхускага цэнтра разам з гарадской інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прымалі ўдзел у аглядзе дрэў, што мелі быць спілаваныя яшчэ на пачатку зімы.

Дзякуючы зладжанай працы цэнтра, інспекцыі і мясцовых актывістаў, рашэнне перагледзелі, каб дачакацца вегетатыўнага перыяду. Трэба гэта для таго, каб правільна ацаніць стан зялёных насаджэнняў. І ўжо пасля такой ацэнкі нешта рабіць.

Менавіта сумесная праца ў сферы экалагічнай бяспекі дае найбольшыя вынікі. Аб гэтым казалі спецыялісты цэнтра на сустрэчы з журналістамі ў апошні дзень зімы.

"Кожны чалавек мае права на бяспечнае ассяродзе, у тым ліку экалагічнае. На жаль, людзі часта не ведаюць, што ім рабіць у пэўнай сітуацыі. Для таго, каб інфармаваць насельніцтва, дапамагаць разбірацца ў прававых дакументах, створаны Орхускі цэнтр", – зазаначыла тэматычная каардынатарка праекта ЕС/ААН  "Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь" па пытаннях экалагічнай асветы Наталля Губская.

"Беларусь далучылася да Орхускай канвенцыі, афіцыйная назва якой: "Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях навакольнага асяроддзя" ў 2001 годзе. З гэтага часу краіна ўзяла на сябе пэўныя абавязкі, якія імкнецца выконваць. Але, справа ў тым, што без падтрымкі грамадскасці зрабіць працу ў галіне аховы навакольнага асяроддзя вельмі цяжка".

Сапраўды, спецыялісты-экалогі не заўсёды могуць убачыць нейкую лакальную праблему. Для гэтага вельмі важна дапамога мясцовых жыхароў. Орхускі цэнтр створаны для таго, каб даносіць да мясцовых улад тое, што хвалюе жыхароў не толькі Гродна, але і маленькіх мястэчак вобласці.

І наадварот – сярод задач цэнтра: інфармаванне насельніцтва, тлумачэнне законаў, абавязкаў і правоў грамадзян. Большую частку зваротаў у цэнтр склалі на дадзены момант просьбы аб дапамозе ў пошуку інфармацыі ды тлумачэнні нацыянальных прававых актаў.

"Правоў у людзей паводле заканадаўства ў галіне аховы прыроды вельмі шмат. Магчымасцяў – таксама. Але вельмі мала хто ведае, як імі скарыстацца і што можна рабіць", – працягвае Наталля Губская.

Аб тым, як працуе Орхускі цэнтр у Гродне, расказала яго каардынатарка Іаланта Рамановіч:

"Галоўная мэта стварэння цэнтра ў нашым горадзе – садзейнічанне рэалізацыі палажэнняў Орхускай канвенцыі. Любы жадаючы можа прыйсці да нас з пытаннямі. Мы адкрытыя для новых ініцыятыў і прапаноў у галіне экалогіі.

Мы не заўсёды можам даведацца пра праблемы самі. Таму нам патрэбна дапамога грамадскасці, каб разам рабіць нешта эфектыўнае і патрэбнае нам самім, мясцовым жыхарам".

Вольга Камягіна, Твой стыль

Крынiца фота



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение