17 Июль 2012 Автор  Юлія Рымашэўская

Вогнішча: схаваная небяспека

Гледзячы на тое, з якой ахвотай беларусы паляць у вогнішчы смецце, мімаволі шукаеш таму тлумачэнняў. Калі размова ідзе пра вогнішчы ў лясах і спальвання ў іх усяго, што "зуб не ўзяў" цi часе пікніка, то з'ява гэтая можа стацца небяспечнай для прысутных. Што можна і што нельга, што варта і што не варта паліць у вагні?

На Мінскім моры, яно ж Заслаўскае водасховішча, месцаў ад вогнішчаў – процьма. Шукаючы месца для свайго, міжволі выбіраеш па адной прыкмеце: каб побач не было звалкі смецця ад папярэдніх гасцёў леса. "Ну, няўжо так цяжка прыбраць за сабой, спаліць усё хаця б?!", – абураецца, ловячы мае незадаволеныя позіркі адзін з маіх спадарожнікаў. І я разумею, што зараз адбудзецца чарговая спрэчка на тэму: паліць ці не паліць. Пакуль тая спрэчка не адбылася, я прайшлася з апытаннем па ўзбярэжжы з пытаннем: як людзі мяркуюць, можна паліць смецце ці не?

Вынікі прыкладна такія (vox populi):

Арцём, 24 гады, студэнт ПТУ: "Можна, натуральна, утвараецца зала, а яна, як вядома – вельмі карысная для глебы, так что можна сказаць – мы карысьці прыродзе робім". Прадчуваючы адказ, задала дадатковае пытанне, ці так сама карысна паліць траву ўвесну. Атрымала прадказальнае "Так, гэта ж спрыяе росту маладой травы". Не стала спрачацца, пайшла далей.

Таццяна, 28 год, медсястра: "Можна, я лічу, паліць, але толькі так бы мовіць натуральныя прадукты: рэшткі ежы, посуд з картону, паперу, акуркі ад цыгарэт, усялякія пакункі, каробкі і іншае, але таксама каб не з пластыку". Удакладняю, чым дрэнны для вогнішча пластык. "Пры спальванні утвараецца неякае шкоднае рэчыва, калі пластык ці цэлафан паліш, ці поліэтылен, як называецца рэчыва – не памятаю, а што рак правакуе – запомніла".

Сяргей, 38 год, прадпрымальнік. Пазіцыянуе сябе як турыст са стажам. Вогнішча ахайнае, смецце ў асобным пакеце ляжыць, намёт пастаўлены, дзеці бульбу чысцяць, жонка суп варыць. Такі... узорны кавалачак турыстычнага лагеру. І што мяне чакае: "Ды паліць і ўсё, мы ніякага смецця ніколі не пакідаем, я і сыноў так выхоўваю, каб пасля сябе ў лесе – нічога табой прынесенага сюды не заставалася". "Усё-усё паліце?", – са шкадаваннем перапытваю я. "Абсалютна. Нават усялякія банкі ад кансерваў. Яны ж калі іх абпаліш добра ў вогнішчы – то літаральна за год-два рассыпаюцца ў пыл".

Ну воь прыкладна так. Ну, а навукоўцы, якія вывучаюць усё навакольнае больш прадметна, назапасілі грутноўных рэкамендацый для гасцёў лесу і аматараў шашлыкоў ды печанай бульбы.

Дым – нааагул шкодны

Паводле навукі, кожны арганічны матэрыял, незалежна, ці гэта часткі раслін, косці жывёл альбо прадукты арганічнага сінтэзу, згараючы, павінны утвараць адно і тое ж: вуглякіслы газ, вадзяную пару і невялікую колькасць аксідаў азоту. Аднак адбываецца гэта толькі пры вельмі высокай тэмпературы і дастатковай колькасці кіслароду. Калі матэрыял мае нават нязначную вільготнасць, тэмпература полымя падніжаецца. Гэта заўважна, калі спальваюць увосень лісце: толькі самая верхняя частка кучы атрымлівае дастаткова кіслароду і гарыць, а сярэднія пласты цьмеюць і дымяць, вылучаючы таксічныя і проста шкодныя для здароўя хімічныя рэчывы.

З чаго складаецца дым

Галоўны складнік – угарны газ. Падлічана, што тона сыравіны, якая не гарыць, але тлее, у сярэднім вылучае каля 30кг CO – узровень гарадской вуліцы з інтэнсіўным рухам.  Шкода яго – у блакіроўцы паступлення кіслароду ў тканіны арганізму, сэрца пачынае працаваць з большай нагрузкай, што павялічвае пагрозу  абвастрэння кардыёхваробаў.

У спалучэнні з іншымі забруджвальнікамі, такімі як прамысловыя выкіды або выхлапныя газы, таксічнае дзеянне угарнага газу значна ўзрастае ў параўнанні з дзеяннем асобных кампанентаў.

Іншыя забруджвальнікі – ірытанты, раздражняльнікі. На іх  можа не зважаць чалавек з добрым здароўем, сур'ёзна пагаршаюць стан людзей, хворых на астму, хранічным бранхіт альбо схільных да вострых рэспіраторных захворванняў. Яны раздражняюць адчувальныя нервовыя канчаткі ў бронхах, што выклікае бронхаспазм.

У сырыя, туманныя дні, мікрачасціны, з якіх складаецца дым, трывала злучаюцца з парамі вады, утвараючы "смог", які асабліва шкодзіць органам дыхання. Уплыў дымавых часціц на арганізм залежыць, галоўным чынам, ад іх памеру. Буйныя часціцы ўлаўліваюцца насавой сліззю і глыбей не праходзяць. Больш дробныя могуць дасягаць лёгкіх, і шкода, якая наносіцца імі, больш значная.

Наколькі небяспечныя канцэрагены дыму, дакладна ніхто не ведае. Брытанскі навукоўца Фрэдэрык Пібас у 1950-х гадах вывучаў сувязь паміж паветраным забруджваннем і ракавымі захворваннямі. Аналізуючы дым вагню, ён знаёшоў ў 350 разоў больш за цыгарэтны дым канцэрагенных частачак.  У  1988 іншыя эксперыменты пацвердзілі, што дым падпаленай драўніны – значны забруджвальнік.

Не тое, каб навукоўцы заклікалі не паліць вогнішчы наагул. Але ўдыхаць дым вогнішча з асалодай, уяўляючы сябе Пятніцам ці Рабінзонам на пустэчы выспы – не варта.

Пластык

Вырабы на аснове полівінілхларыду (ПВХ), рэшткі лінолеума, поліэтыленавыя мяхі, некаторыя віды упакоўкі (а што толькі сёння не пакуюць у пластык?), кожзамяняльнік і шмат якія іншыя з штучных рэчываў пры гарэнні ўтвараюць цэлы шэраг таксінаў.

Калі гарэнне адбываецца пры тэмпературы ніжэй 1100 °C, вылучаюцца  канцэрагенныя дыяксіны і дзібензафураны. Адзін з найбольш моцных канцерагенаў, 2,3,7,8-тэтрахлордыбензапарадыяксін (актыўны кампанент гербіцыду "Аранжавы рэагент", які амерыканцы ўжывалі падчас в'етнамскай вайны) можа прысутнічаць сярод прадуктаў гарэння ПВХ.

Другой крыніцай небяспечных прадуктаў гарэння з'яўляюцца сінтэтычныя матэрыялы, якія змяшчаюць азот, напрыклад, нейлон. Пры яго гарэнні ўтвараюцца цыяніды. У пажарах жылых сектараў такіх рэчаў агню трапляецца шмат, і гэта почасту становіцца прычынай смяротных выпадкаў.

Сінтэтычныя матэрыялы не робяць вялікай шкоды, калі гараць пры высокай тэмпературы, яны проста ператвараюцца ў вуглякіслы газ і вадзяную пару. Але тэмпературы вогнішча для гэтага – недастаткова.

Парады

  • У выпадках развядзення вогнішчаў у лесе не варта ўдыхаць у сябе дым, старайцеся знаходіцца на адлегласці. Народныя звычкі маюць досвед паказвання дулі дыму са словамі "куды дуля-туды дым" :) Метад брытанскімі вучонамі не пацверджаны, але раз ад разу, кажуць, працуе. Хутчэй за ўсё - калі вецер мяняе кірунак. Калі сур'езна, проста засцерагайцеся ўдыхаць яго, што б на вогнішчы ні палілі.
  • Не паліце ў вагні нічога з сінтэтычных матэрыялаў: пластыкавыя бутэлькі важаць нешмат, няма цяжкасці вывезці іх з месца адпачынку і адправіць у сметніцу для пластыку. Слоікаў з-пад кансерваў гэта тычыцца таксама.
  • Калі размова ідзе пра смецце на лецішчы – пра спальванне леташняга сена, саломы, лісця – варта адмовіцца ад такога метаду утылізацыі, як агонь. Кампостная яма дазволіць выкарыстаць смецце на наступным год як якаснае і натуральнае ўгнаенне.

Юлія Рымашэўская, для Беларускага Зяленага Партала

Крынiца фота



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение