25 Февраль 2013 Автор  Інга Сакута

Вярдыкт: нябесныя ліхтарыкі небяспечныя!

nebesnye-fonariki-grodno-2.jpgТрадыцыя запускаць нябесныя ліхтарыкі на Дзень закаханых для Беларусі ўжо не новая. У Гродне яна святкуецца трэці год запар. Але, разам з прыемнымі эмоцыямі і ўражаннямі, гэтая традыцыя мае свае адмоўныя моманты. Пасля падобных акцый ліхтарыкі пераўтвараюцца ў смецце, якое застаецца на зямлі, вісіць на дрэвах і кустах. Не дзіва, што сярод гарадзенцаў знайшліся неабыякавыя да гэтай сітуацыі людзі.

Убачыўшы на свае вочы чырвоныя анучы на дрэвах у Каложскім парку, я вырашыла спраўдзіць, ці можа гэтае смецце нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю.

Крынiца фота

А менавіта, мяне зацікавіў матэрыял, з якога вырабляюцца нябесныя ліхтарыкі. Прадаўцы ўсіх інтэрнэт-крамаў запэўніваюць спажыўцоў у абсалютнай экалагічнасці ліхтарыкаў. Як правіла, ролю апорнай канструкцыі нябесных ліхтарыкаў выконвае лёгкі драўляны каркас, звычайна бамбукавы. У ніжняй яго частцы знаходзіцца гарэлка, замацаваная на тонкім дроце. Традыцыйная гарэлка вырабляецца з кавалачка бавоўны, прапітанага воскам, альбо з порыстай паперы, прапітанай вадкасцю, якая лёгка запальваецца. У сучасных ліхтарыках гарэлку часам робяць з гаручых палімераў. Купал вырабляецца з рысавай паперы з дадаваннем тутавага дрэва. Паперу, як правіла, прамакаюць спецыяльным негаручым рэчывам, каб яна не загаралася.

Аднак, сярод гэтай інфармацыі я не знайшла адказу на пытанне, што рабіць са смеццем, у якое пераўтвараюцца ліхтарыкі пасля масавага запуску. Каб неяк праясніць сітуацыю з Каложскім паркам, я звярнулася ў Гродзенскую гарадскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там мне сказалі, што з імі ніхто не ўзгадняў правядзенне акцыі і што адказнасць за уборку пасля масавых мерапрыемстваў нясуць камунальныя службы і санстанцыя. Таксама, ў інспекцыі дадалі, што на нарадзе ў гарвыканкаме абмяркоўвалася пытанне аб уборцы Каложскага парку, які зараз мае не вельмі прывабны выгляд.

Аднак, калі праз тыдзень я зноўку наведалася ў парк, чырвоныя анучы яшчэ віселі на дрэвах.

chyrvonyja-anuchy.jpg

Фота аўтара

Разам з тым, адзін з арганізатараў акцыі "Крылы кахання" Раман Талалуеў не лічыць масавы запуск ліхтарыкаў вялікай экалагічнай праблемай:

– Ліхтарыкі зробленыя з экалагічных матэрыялаў і літаральна праз некалькі дзён пад уздзеяннем ападкаў яны раствараюцца. Што тычыцца тых, якія валяліся на зямлі, канечне, непрыемна, што большасць людзей сышла і не прыбрала за сабою, але некалькі чалавек, у тым ліку і я, разам з камунальнымі службамі прыбралі за сабою. Я разумею, што смецце – гэта ў нейкім сэнсе індыкатар культуры, але я не памятаю ні аднаго мерапрыемства, пасля якога не заставалася б смецця.

Ці могуць адходы ад ліхтарыкаў нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю? За адказам на гэтае пытанне я звярнулася ў Грамадскі інфармацыйны цэнтр па пытаннях адходаў і хімічнай бяспекі ў Беларусі:

–  Не скажу, што нябесныя ліхтарыкі цалкам бяспечныя для навакольнага асяроддзя, – кажа адзін з экспертаў цэнтра i праграмны дырэктар Цэнтра экалагiчных рашэнняў Яўген Лабанаў. – Але  падазраю, што рэчывы, якімі апрацоўваюць паперу ліхтарыка супраць запальвання, могуць быць таксічнымі. Таму, калі ліхтарык распадаецца пад уплывам ападкаў, то гэтыя рэчывы могуць нашкодзіць навакольнаму асяроддзю. Але маштаб не такі, каб казаць, што гэта будзе вялікая шкода.

Калі з экалагічным пытаннем усё зразумела, то як быць з пажарнай бяспекай. Наколькі небяспечныя масавыя запускі ліхтарыкаў з гэтага пункту гледжання? У прэс-службе Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС адказалі так:

– Правядзенне масавых мерапрыемстваў, якія звязаныя з агнём, знаходзіцца заўсёды на адмысловым кантролі пажарнай службы і адпаведна інструктуюцца. Не выпадае казаць ў дадзеным выпадку пра абсалютную бяспеку, як і не можам быць на сто працэнтаў упэўненыя, што чалавек з цыгарэтай у руцэ не стане прычынай пажаранебяспечнай сітуацыі. Канечне, летам гэта можа быць больш небяспечным, але не зімою, калі навокал мокра і сыра. Запуск ліхтарыкаў – гэта пакуль новае захапленне, таму на дадзеным этапе абмяркоўваецца пытанне, як правільна карыстацца гэтымі ліхтарыкамі, выпрацоўваюцца меры і патрабаванні, якія дапамогуць мінімізаваць пажарную небяспеку пры выкарыстанні ліхтарыкаў.

Аднак пэўныя правілы па эксплуатацыі ўсё ж такі ёсць. Нябесныя ліхтарыкі нельга запускаць у непасрэднай блізкасці ад аэрапортаў і пажаранебяспечных будынкаў. Каб пазбегнуць узгаранняў, нельга запускаць ліхтарыкі ў ветранае надвор'е.

Дарэчы, запуск нябесных ліхтарыкаў забаронены ў многіх дзяржавах. Металічны каркас ліхтарыкаў, якія падаюць, прыводзіць да гібелі хатняй жывёлы, якая з'ядае дрот разам з сенам, сабакі на прагулцы раняць дротам лапы. Свечкі, якія не паспелі пагаснуць перад прызямленнем, падпальваюць саламяныя дахі і нават знішчаюць цэлыя палі. Вядомыя нават выпадкі спынення працы электрастанцыі і ўзнікнення пажару ў жылым доме, які прывёў да гібелі людзей.

Такім чынам, нябесныя ліхтарыкі могуць нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю, калі іх выкарыстоўваць не ў адпаведнасці з правіламі. А тым, хто незадаволены каляровымі анучамі-пацеркамі на дрэвах, давядзецца пацярпець, прынамсі, да той пары, пакуль не пайдуць дажджы.

Інга Сакута, для Беларусскага зялёнага парата

Крынiца фота



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение