28 Июнь 2012 Автор  Інга Сакута

Што рабіць з пратэрмінаванымі лекамі?

Гэтым пытаннем я задалася пасля таго, як перабрала хатнюю аптэчку. Непатрэбных лекаў рознай формы аказалася багата: ад таблетак і мазяў да ампул і мікстур.

Спачатку я вырашыла выкінуць іх у сметніцу, але забаялася, што пратэрмінаваныя лекі могуць знайсці бамжы, а яшчэ горш, дзеці. З'явілася думка спусціць ва ўнітаз, аднак нашкодзіць навакольнаму асяроддзю таксама не захацелася. Тады я вырашыла пацікавіцца: куды звычайны чалавек можа звярнуцца, калі ўзнікне падобнае пытанне.

Спачатку я патэлефанавала ў Гродзенскі абласны камітэтат прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там мне сказалі, што ў Беларусі спецыялізаваных пунктаў прыёму пратэрмінаваных лекаў ад насельніцтва няма. Адзінае выйсце – выкінуць лекі ў сметніцу, папярэдне пашкодзіўшы пакунак так, каб да яго ніхто не дабраўся.

Тады я звярнулася ў Грамадскі інфармацыйны цэнтр па пытаннях адходаў і хімічнай бяспекі ў Беларусі. Там таксама атрымала адказ, што спецыялізаваных пунктаў прыёму няма, таму найлепш захаваць пратэрмінаваныя лекі да лепшых часоў. Калі ўсё ж такі непатрэбныя лекі перашкаджаюць, то можна іх выкінуць у сметніцу, але ні ў якім разе іх нельга выкідваць у каналізацыю, каб не нашкодзіць людзям і прыродзе.

Што на гэты конт скажуць самі медыкі? За адказам на гэта пытанне я звярнулася ў Гродзенскі аддзел аховы здароўя, адкуль мяне накіравалі ў мясцовае РУП "Фармацыя".

– Пратэрмінаваныя лекі, якія назапашваюцца ў насельніцтва – гэта сур'ёзная праблема, – гаворыць намеснік генеральнага дырэктара, начальнік аддзела лекавага забеспячэння і конкурсных закупак Наталля Пазнякова. – Вядома, ніякіх спецыялізаваных пунктаў прыёму на сённяшні дзень мы не маем, не прымаюць такія лекі аптэкі, паліклінікі і лякарні. Адзінае выйсце – выкінуць у сметніцу. Гэта тычыцца таблетак, мазяў, свечак і гэтак далей. Няшкодныя вадкія рэчывы, такія як мікстуры, настоі і падобнае, можна распусціць з вадою і выліць у каналізацыю. Гэта не нанясе асаблівай шкоды экалогіі, паколькі лекі накапліваюцца ў людзей не ў складскіх маштабах. Іншая справа высокатаксічныя, псіхатропныя або наркатычныя прэпараты. Аднак, яны адпускаюцца строга згодна з рэцэптам, і гэта ўжо азначае, што такія медпрэпараты павінны выкарыстоўвацца, а не назапашвацца.

Беларускае заканадаўства па праблеме

Павандраваўшы па прасторах інтэрнэта, на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і аховы здароўя я знайшла Санітарныя правілы і нормы – "Правілы абыходжання з медыцынскімі адходамі".

Адразу ў п.1 гл.1 чытаем, што дадзеныя "Правілы..." дзейнічаюць толькі "для лячэбна-прафілактычных арганізацый, а таксама ўсіх арганізацый, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці і форм уласнасці..., у ходзе ажыццяўлення медыцынскай або іншай дзейнасці якiх утвараюцца медыцынскія адходы". Гэта значыць, што простых людзей яны не тычацца. Аднак я вырашыла прайсціся па некаторых пунктах у пошуках інфармацыі, якая магла б дапамагчы і простаму люду.

Паводле гэтага дакумента, лекавыя прэпараты, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння, класіфікуюцца як "фармацэўтычныя прэпараты, якія сталі непрыдатнымі" і адносяцца да падгрупы Б3.

У п.70 гл.9 гаворыцца, што "адходы падгрупы Б3 абясшкоджваюць паводле "Інструкцыі аб правілах і метадах абясшкоджвання адходаў лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі" і "Палажэння аб парадку знішчэння лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі".

Заглянуўшы ў "Палажэнне..." і не знайшоўшы там нічога вартага, што дапамагло б неяк высветліць сітуацыю з утылізацыяй пратэрмінаваных лекаў, я звярнулася да "Інструкцыі аб правілах і метадах абясшкоджвання адходаў лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі".

У п.2 дадзенага дакумента падаецца класіфікацыя медыцынскай прадукцыі на групы. Згодна з п.3 і п.4, кожную групу медыцынскіх адходаў трэба ўпакоўваць асобна ў залежнасці ад агрэгатнага стану, першаснай упакоўкі і іншых прыкмет у адпаведнасці з метадамі абясшкоджвання адходаў, якія ўтварыліся  пасля знішчэння дадзенай прадукцыі. Далей у "Інструкцыі..." падаецца класіфікацыя адходаў і ўказваюцца метады іх утылізацыі.

Так, цвёрдыя няшкодныя адходы захоўваюцца на аб'ектах размяшчэння камунальных адходаў. Вадкія няшкодныя адходы ўтылізуюцца шляхам разбаўлення з вадой і пасля выліваюцца ў каналізацыю. Небяспечныя адходы, у залежнасці ад ступені шкоднасці, утылізуюцца некалькімі спосабамі: змяшчаюцца ў спецыяльную герметычную металічную капсулу або спальваюцца пры высокіх тэмпературах ад 800 да 1200°С і вышэй. Адходы, якія ўтварыліся ў выніку знішчэння антысептыкаў і сродкаў дэзінфекцыі, абясшкоджваюць метадам зліву ў каналізацыю ў адпаведнасці з інструкцыяй для кожнага канкрэтнага сродка. Іголкі, скальпелі, лязо і іншыя аналагічныя вырабы здаюцца для выкарыстання ў якасці другаснай сыравіны. Шкляныя адходы, якія ўтварыліся ў выніку механічнага разбурэння ампул, разбіваюць на цвёрдых непранікальных паверхнях – у металічнай бочцы, вядры, карыстаючыся пры гэтым трывалай драўлянай даўбешкай або малатком і  вывозяць на аб'екты размяшчэння камунальных адходаў.

Парады слушныя, але тычацца яны толькі медыцынскіх установаў і выконваюцца, згодна з п.5 і п.6 "Інструкцыі...", толькі пад кіраўніцтвам асобы, якая мае адукацыю медыка або фармацэўта. Менавіта гэтая асоба можа вызначыць ступень шкоднасці адходаў і выбраць адпаведны метад утылізацыі.

Як бачым, аналіз дакументаў па дадзеным пытанні не вырашае праблемы, таму пытанне, што рабіць з пратэрмінаванымі лекамі простаму чалавеку, засталося адкрытым.

Што за мяжою?

У краінах Еўрасаюза і ЗША ў большасці аптэк і паліклінік існуюць стацыянарныя пункты прыёму пратэрмінаваных прэпаратаў. Спажыўцы змяшчаюць пакет з пратэрмінаванымі лекамі без пакунка у спецыяльны зборачны кантэйнер, адкуль пасля медпрэпараты адпраўляюцца на ўтылізацыю.

Трохі статыстыкі

На пытанне, што вы робіце з пратэрмінаванымі лекамі, большасць з апытаных карыстальнікаў сацыяльных сетак (80%) адказалі, што выкідваюць у сметніцу, 10% – захоўваюць, рэшта – выкідвае ў каналізацыю.

Як вырашыць праблему?

Самае лепшае выйсце – пазбегнуць ўзнікнення праблемы. Для гэтага дастаткова ўтрымліваць хатнюю аптэчку ў парадку і хоць бы раз у паўгода праглядзець яе змесціва, праверыць тэрміны прыдатнасці лекаў і забяспечыць умовы захоўвання, названыя ў інструкцыі. І што таксама важна – лекі неабходна захоўваць у завадскім пакунку.

Калі ўсё ж такі ў вас накапілася пэўная колькасць непатрэбных або пратэрмінаваных лекаў і вы вырашылі выкінуць іх у сметніцу, паклапаціцеся пра тое, каб гэтыя адходы былі непрыгляднымі для вока чалавека і жывёл.

Для гэтага можаце выкарыстаць два простыя правілы, распрацаваныя Амерыканскім агенцтвам па кантролі за лекамі і харчовымі прадуктамі.

1. Дастаньце лекі з упакоўкі і змяшайце таблеткі (свечкі, парашок) з якімі-небудзь адходамі (кававая гушча, бульбяныя ачысткі). Гэта зробіць лекі малапрывабнымі для дзяцей, бамжоў і жывёл.

2. Атрыманую сумесь запакуйце ў шчыльны поліэтыленавы пакет, пластыкавую ёмістасць або шкляны слоік і шчыльна зачыніце. Выкіньце пакунак у кантэйнер для смецця.

Гэта што тычыцца цвёрдых адходаў.

Як быць са шклянымі ёмістасцямі і іх змесцівам? Тут па-рознаму. Ні ў якім разе нельга выкідваць ёмістасць разам са змесцівам у сметніцу. Можна, кіруючыся вышэй згаданай "Інструкцыяй...", разбавіць рэчыва з вадою і выліць у каналізацыю. Што тычыцца самой ёмістасці, то і тут, кіруючыся ўсё той жа "Інструкцыяй...", бутэлечку або ампулу лепш за ўсё разбіць і, надзейна запакаваўшы, выкінуць у сметніцу. Некаторыя ёмістасці можна здаць у аптэкі, якія займаюцца вытворчасцю розных лекаў (раствораў, мазяў і т.п.), а за адно яшчэ і грошы атрымаць. Праўда, прымаюць толькі бутэлечкі, якія маюць шырокую гарлавіну  аб'ёмам 30-100 мл з-пад настояў глогу (баярышніку), сардэчніка, валяр'янкі, а таксама градуіраваныя бутэлькі з-пад салявых раствораў і глюкозы. Бутэлечкі з-пад карвалолу не прымаюць, паколькі яны цяжка паддаюцца вымыванню паху.

Выкарыстаныя шпрыцы, як і іншыя пластыкавыя ёмкасці, выкідваюцца ў сметніцу.

У планах

У ліпені або жніўні гэтага года Грамадскі інфармацыйны цэнтр па пытаннях адходаў і хімічнай бяспекі ў Беларусі плануе правесці круглы стол па тэме ўтылізацыі пратэрмінаваных лекаў і, тым самым, прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы. Будзем спадзявацца, што справа зварухнецца з мёртвай кропкі.

Інга Сакута, для Беларускага Зяленага Партала

Крынiца фота


Спасылкi па тэме:

Старой технике нужна новая система обращения

Как избавиться от старого холодильника?

Как утилизировать старый автомобиль?



Комментарии   

 
0 # НА: Што рабіць з пратэрмінаванымі лекамі?OksiUsava 2020-01-30 12:47
http://russian-garmon.ru/57-garmnews-archive?pid=92778004&start=590
Ответить | Ответить с цитатой | Цитировать
 

Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение