08 Октябрь 2012

На ровары па Налібоках

Вывучаць Налібоцкую пушчу на ровары – такая магчымасць можа ў бліжэйшым часе з'явіцца ў жыхароў Валожыншчыны і гасцей раёна. Ужо цяпер дзякуючы працы валанцёраў усе ахвотныя могуць праехаць роварным маршрутам па ваколіцах пушчы.

Распрацоўкай спецыяльных дарожак займаюцца валанцёры "Мінскага роварнага таварыства" і прадстаўнікі заказніка "Налібоцкі". Каардынуе працу добраахвотнікаў Алесь Белы.

Агульнымі сіламі была распрацаваная пазнавальная траса вакол сядзібы "Марцінова Гусь". Быў таксама разведаны маршрут, які ў будучыні злучыць сядзібы "Марцінова Гусь" (Малая Люцінка) – "Васількі" (Белакорац) – "Сябрыньскія азёры" (Сябрынь) – "За масточкам" (Замасцяны). Яго даўжыня 80 кіламетраў.

– У жніўні валанцёры разведвалі тэрыторыю Налібоцкай пушчы, – расказвае Алесь Белы. – У верасні адбудзецца яшчэ некалькі выездаў, ужо для разметкі новых роварных трас. У пушчы шмат цікавых помнікаў прыроды, гісторыі і культуры, якія варта наведаць менавіта на ровары.

Часцей за ўсё налібоцкія маршруты наведваюць госці з-за мяжы: палякі і рускія. Радзей прыязджаюць беларусы. Так, на мінулым тыдні па маршруце праехаліся мінскія турысты, якія праводзілі ў пушчы свой карпаратыў. Але колькасць турыстаў усё ж невялікая: прыкладна 30-40 чалавек у год.

Праз цяжкасці – да роварнага адпачынку

Першая траса ў ваколіцах Налібоцкай пушчы ўжо падрыхтаваная для турыстаў. Даўжыня маршруту – 20 кіламетраў.

Падчас працы валанцёры сутыкаюцца з рознымі праблемамі. Так, у нашай краіне не існуе стандартаў разметкі роварных трас. Існуюць стандарты агульнай турыстычнай разметкі, але яны ў сваёй большасці разлічаныя на аўтамабілі. Роварныя маршруты ў разлік на ўваходзяць.

– Беларусь – аўтамабілецэнтрычная краіна, – заўважае каардынатар праекта па стварэнні турыстычных маршрутаў Ігар Скрыпка. – Таму і тое, што вакол нас – вуліцы, дарогі, правілы руху, – разлічанае толькі для машын. Ровар не разглядаецца як паўнавартасны транспарт.

Валанцёрам даводзіцца самім распрацоўваць рэкамендацыі па стандартах разметкі. Пры гэтым раварысты абапіраюцца як на еўрапейскі узор, так і на савецкія стандарты. Напрыклад, маркеры-пазначэнні робяцца звычайнай белай і чырвонай фарбамі. Такую ж разметку можна пабачыць на турыстычных маршрутах Еўропы.

З-за таго, што мясцовае насельніцтва не ведае пра роварныя трасы, таксама ўзнікаюць цяжкасці. Недарэчная сітуацыя адбылася пасля таго, як валанцёры правялі роварны маршрут праз урочышча Іслачоўку на Валожыншчыне. Праехаўшыся па трасе праз некалькі тыдняў, яны заўважылі, што ўсю іх разметку проста сцерлі. Каму і навошта гэта спатрэбілася – так і засталося загадкай.

Траса ў Налібоках – частка еўрапейскага маршруту

Каардынатары праекта падкрэсліваюць, што распрацаваныя імі маршруты – не проста адасобленае месца для адпачынку. Трасы на Валожыншчыне ўвойдуць у маршрут "Еўравела-2" (EV-2). А гэта значыць, што Налібокі ў будучым стануць беларускім працягам еўрапейскага маршруту. Плануецца, што на Беларусі траса злучыць Брэст і Міснк, а потым накіруецца да Смаленска.

Рэсурсаў "Мінскага роварнага таварыства" не хапае на тое, каб самастойна распрацоўваць трасы. Немагчыма абысціся без дзяржаўнай падтрымкі: маршруты праходзяць праз усю Беларусь. Галоўнай праблемай як для Валожынскага раёна, так і для ўсёй краіны з'яўляецца адсутнасць гарадской роварнай інфраструктуры.

– На Беларусі пакуль што недаацэньваюць карысць, якую могуць прыносіць турысты на роварах, – гаворыць Ігар Скрыпка. – У нас ёсць стэрэатыпнае ўяўленне пра раварыстаў як пра тых, хто проста на пару дзён выбіраецца з палаткай на прыроду. Але ж культура роварнага адпачынку цяпер куды больш высокая. Неяк даследчыкі з Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі падлічылі, колькі сярэдні турыст траціць грошай у дзень, падарожнічаючы на ровары. Высветлілася, што сума вялікая – каля 60-80 даляраў.

Сучасны раварыст з Еўропы падарожнічае па камфортных трасах, едзе ад гасцініцы да гасцініцы, заязджае на вячэру ў мясцовыя кавярні. Такім чынам турысты з'яўляюцца істотнай крыніцай даходу для рэгіёна. Валанцёры на Беларусі імкнуцца да таго, каб такая практыка прыжылася і ў нас.

Беларусы не спяшаюцца перасаджвацца на ровары

– На жаль, у Беларусі пакуль не развітая культура актыўнага адпачынку, – адзначае Алесь Белы. – Яна толькі пачынае прыходзіць да нас з захаду. Беларусы часцей за ўсё падчас адпачынку хочуць паесці-паспаць і мала зацікаўленыя ў тым, каб актыўна праводзіць час. Напрыклад, ў Браслаўскім раёне ўжо ёсць распрацаваныя роварныя маршруты, але яны не карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Не таму, што трасы кепскія, а таму, што кліент для іх яшчэ не даспеў. Я веру, што ў будучыні зацікаўленасць ў роварах вырасце.

Але практыка паказвае, што сапраўды так. Гэта відаць нават па невялікіх гарадах – людзі ўсё часцей перасаджваюцца на двухколавы транспарт.

Валанцёры спрабуюць прыцягнуць увагу да альтэрнатыўнага віду адпачынку. У іх далейшых планах – распрацаваць роварны калідор праз Налібоцкую пушчу. Праца будзе доўжыцца яшчэ 3-5 гадоў. Усе ахвотныя могуць далучацца да валанцёраў.

Даведка "РГ". "Еўравела-2" (EuroVelo-2) – роварная траса, якая ўваходзіць у праект Еўрапейскай федэрацыі раварыстаў. Яе таксама называюць "Трасай Сталіц", бо яна аб'ядноўвае шэраг сталіц еўрапейскіх дзяржаў. Пачынаецца маршрут у горадзе Голуэй (Ірландыя), цягнецца праз Дублін, Лондан, Берлін, Варшаву і Мінск. Заканчваецца траса ў Маскве. Маршрут, які праходзіць праз сем краін, налічвае 5 500 кіламетраў.

Аляксандра Парахня, Рэгiянальная газета

Крынiца фота



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение