10 Декабрь 2012

Мінчанін ратуе на сваім балконе птушку з Чырвонай кнігі

На пошту гарачай лініі TUT.BY прыйшоў незвычайны ліст. Тыдзень таму наш чытач Міхаіл знайшоў у раёне Малінаўкі птушку з пашкоджаным крылом. Як аказалася пазней, гэта - шызая чайка, від, які занесены ў Чырвоную кнігу. Толькі вось што рабіць з птушкай далей - аказалася, пытанне.

– У мінулую суботу мы гулялі ў раёне вул. Касманаўтаў, калі ўбачылі птушку з пашкоджаным крылом. Яна бегала сярод машын прама на дарозе. Мы яе ўзялі дахаты, бо там яе чакала непазбежная смерць ці ад машыны, ці ад катоў. Яна не магла ўзляцець.

Пасля гэтага птушку паказалі двум ветэрынарам. Пашкоджанае крыло вырашылі не ампутаваць, але верагоднасць, што чайка паляціць зноў - вельмі маленькая.

– Зараз яна жыве ў нас на балконе, але становіцца холадна і яна можа замёрзнуць. У нас ў хаце жыве сабака, таму перасяліць яе да сябе ў пакой не можам. Тым больш пакінуць яе ў нас назаўсёды.

За ўвесь гэты час, як расказаў Міхаіл, ён тэлефанаваў у мноства арганізацый - пачынаючы ад "Аховы птушак Бацькаўшчыны" (там па фатаздымку і вызначылі, што гэты від чайкі занесены ў Чырвоную кнігу), грамадскага аб'яднання абароны жывёл "Эгіда", Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра да Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя... Нідзе маладому чалавеку не падказалі, да каго можна звярнуцца:

– Мы нават звярталіся ў розныя зоагурткі, але па дзеючым заканадаўстве ім нельга браць да сябе вадаплаваючых, - падсумоўвае Міхаіл.- Няўжо нікому няма справы да птушкі, якая да таго ж занесеная ў Чырвоную кнігу?

Від шызай чайкі сапраўды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і адносіцца да IV катэгорыі пагрозы ("віды, якія маюць нестаноўчыя тэндэнцыі на акружаючых тэрыторыях"). Жыве птушка звычайна на розных вадаёмах - ад забалочаных берагоў рэк і азёр да балотаў і рыбаводных прудоў.

"Джына есць кільку"

– Нам сказалі, што птушцы прыкладна год. Яна не патрабуе асаблівага дагляду, толькі цёплае месца для жыцця і ўборка. Есць у асноўным кільку. Яна ўжо амаль ручная, зусім не агрэсіўная. Мы вельмі хвалюемся, што Джына (так мы яе назвалі) можа замерзнуць на балконе.

Дарэчы, Міхаіл нас заўпэўніў, што Джына ў жыцці выглядае значна прыгажэй:

– На фотаздымках птушка крыху мокрая. У звычайным стане яна выглядае значна акуратней! Проста мы фатаграфавалі яе адразу пасля купанняў.

Ветдаведка - і Джыну прыме заапарк

І сапраўды, мы ўжо пісалі раней аб тым, што ў Беларусі пакуль няма арганізацыі, якая б займалася ратаваннем дзікіх жывёл. У выключных выпадках МНС можа выязджаць на экстранныя званкі. А "Ахова птушак Бацькаўшчыны" займаецца толькі прыродаахоўчымі пытаннямі. Дагэтуль няма месца для ператрымкі жывёл, што трапілі ў бяду.

TUT.BY вырашыў звярнуцца ў Мінскі заапарк. Праблема для іх аказалася не новай. Ідэі стварэння спецыяльнага цэнтра па ратаванні жывёл на базе заапарку выказваліся даўно. Пытанне толькі за фінансаваннем. Аднак дапамагчы Джыне з прытулкам Мінскі заапарк згадзіўся. Для гэтага будзе дастаткова зрабіць толькі ветэрынарную даведку аб стане здароў'я птушкі.

Ксенія Ельяшэвіч, TUT.BY



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение