05 Май 2012

Пачаўся суд па справе знiшчэння Парка 40-годдзя Кастрычнiка

Суд Фрунзенскага раёна Мінска пачаў разглядаць пазоў групы грамадзян да ўлад Мінска супраць знішчэння парка 40-годдзя Кастрычніка і будаўніцтва гатэля "Пекін".

На першым паседжанні суд азнаёміўся з пазовам, заслухаў пярэчанні і папрасіў адказчыкаў да 2 мая падрыхтаваць пісьмовую аргументацыю. Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" зацікавілася зместам гэтага пісьмовага адказу.

- Пакуль што пісьмовага адказу прадстаўлена не было, але я загадзя ведаю яго змест: маўляў, мы не вінаватыя, - кажа адзін з пазоўнікаў, эколаг Валеры Дранчук. - Мяркую, іх пісьмовы адказ будзе больш падрабязны, чым мінулы вусны выступ са сваімі пярэчаннямі. Я упэўнены, што ўсе адказчыкі - "Мінскзелянбуд", Адміністрацыя Ленінскага раёна і Замежнае прадпрыемства "Гасцініца "Пекін-Мінск" - усе яны будуць казаць, што яны невінаватыя. На першым паседжанні не толькі мяне, але і астатніх надзвычай здзівіла тое, што заказчык, пасля ўсяго таго, што здарылася, устае і кажа: мы абсалютна не бачым, каб падчас усіх нашых работ мы нанеслі якую-небудз шкоду навакольнаму асяроддзю! Вы разумееце? Яны яшчэ дагэтуль не асэнсавалі шкоду!

На думку Дранчука, адказчыкі будуць шукаць усе магчымыя лазейкі, каб паказаць, што яны ні ў чым не вінаватыя і ўсё рабілі згодна літары закона. Пазоўнік мяркуе, што такая лінія паводзін адказчыкам будзе ўдавацца, "таму што наша заканадаўства вельмі недасканалае".

Лагічна ўзнікае пытанне: дык навошта тады судзіцца, калі ў парку пад гатэль ужо і катлаван выкапаны, і палі ўбітыя?

- Мы хочам раскруціць механізм абароны ў судзе нашых правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, - тлумачыць Валеры Дранчук. - Мы - гэта эколагі, мясцовыя жыхары, людзі, неабыякавыя да таго, што побач ссякаюцца дрэвы, псуецца парк, наносіцца шкода прыродзе. Бо парк 40-годдзя Кастрычніка - далёка не адзіны асяродак, дзе на навакольнае асяроддзе адбываецца наступ агрэсіўнай гаспадаркі. Такіх ачагоў у Мінску вельмі шмат. Таму вось гэты механізм трэба раскручваць. І мы гэта будзем рабіць. Зараз галоўнае - не сядзець склаўшы рукі, а падтрымліваць рух ў абарону прыроды і нашых правоў з дапамогай судовага працэсу.

Нагадаем, эколаг Валеры Дранчук, жыхар Мінска Уладзімір Зубок, а таксама прадстаўнік Грамадскага аб'яднання "Экадом", юрыст Сяргей Магонаў падалі пазоў супраць мінскага "Зелянбуда", Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і замежнага прадпрыемства "Гасцініца "Пекін-Мінск". Пазоўнікі просяць суд несапраўдным рашэнне Адміністрацыі Ленінскага раёна аб выдаленні аб'ектаў расліннага свету і прыняць рашэнне аб спыненні ўсякай гаспадарчай дзейнасці у парку, якая аказвае шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Юлія Інышава, ЕўраБеларусь



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение