16 Май 2012

Грамадскіх слуханняў у Гродне больш не будзе?

Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра падчас правядзення прамой лініі з жыхарамі Гродна.

Удзел грамадскасці ў вырашэнні лёсу зялёных насаджэнняў у Гродне ствараў занадта шмат праблем для ўладаў, але грамадзяне збіраюцца адстойваць свае правы.

"...Па вырубцы дрэваў рашэнне будзе прымацца ў кожным выпадку асобна, з улікам усіх фактараў. Адказваць за гэта будзе новы намеснік старшыні гарвыканкама па будаўніцтве. Грамадскія слуханні, з-за таго што іх ператвараюць у незразумелыя палітычныя супрацьстаянні, вырашана больш не праводзіць," – цытуе ўчарашнія словы Сямёна Шапіры "Гродзенская праўда".

Грамадскія актывісты адразу пачалі пісаць лісты з просьбай патлумачыць, на падставе чаго адмененае правядзенне грамадскіх слуханняў.

Рашэнне "Аб некаторых пытаннях выдалення аб'ектаў расліннага свету, размешчаных на тэрыторыі г.Гродна", паводле якога лёс кожнага дрэва, якое будзе перашкаджаць будаўніцтву, павінны вырашацца на грамадскіх слуханнях, было прынятае Гродзенскім гарвыканкамам 12 снежня 2011 года.

Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха, які не адзін год змагаецца супраць неабгрунтаванага знішчэння зялёных насаджэнняў у Гродне, да новаўвядзення адразу паставіўся скептычна, падзяліўшыся тады сумненнямі з карэспандэнтам "Твайго стылю":

– Паглядзім, наколькі нефармальны падыход будзе, наколькі будзе даносіцца інфармацыя да грамадскайсці. Паведамлення на сайце і ў газеце мала. Трэба вешаць абвесткі для мясцовых жыхароў і інфармаваць людзей аб тым, што яны маюць права паўплываць на рашэнне. У нас чалавек сам павінны быць адукаваным і дакладна ведаць, якія правы мае, а я лічу, што ўлады павінны заахвочваць людзей уплываць на сітуацыю. Вопыт апошніх гадоў пазбавіў мяне аптымізму.

Як выявілася, спадар Лапеха меў рацыю.

Вынікамі ўжо першых слуханняў па пытанні вырубкі 56 дрэваў на вуліцы Гаражнай, якія прайшлі 30 студеня, засталіся незадаволеныя і прадстаўнікі грамадскасці, і прадстаўнікі ўладаў.

Тады з сямі дапушчаных да галасавання ўдзельнікаў слуханняў  чацьвёра прагаласавалі за вырубку дрэваў, трое – супраць.

Камісія па зносе зялёных насаджэнняў з-за невялікай колькасці  ўдзельнікаў і пазіцыі гарсавету дэпутатаў пазней адмяніла вынікі таго галасавання.

Вынікі слуханняў па некаторых аб'ектах ад 16-га сакавіка таксама былі ануляваныя.

А да наступнага мерапрыемства 30 сакавіка арганізатары пастараліся падрыхтавацца як найлепш: чатыры ўстановы запланавалі слуханні на адзін дзень у розных канцах горада, а грамадзян, што рашуча адстойвалі вынішчэнне дрэваў, падвозілі да месца правядзення слуханняў у аўтобуса.

Грамадскія абмеркаванні ператварыліся ў фарс.

Да таго ж грамадскія актывісты заўважылі махлярства на сайце гарвыканкама, дзе звесткі пра вырубку 67 дрэваў з'явіліся менш чым за дзень  да  даты грамадскіх слуханняў і пад папярэдняй датай.

На імя Старшыні Гродзенскага абласнога Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г.Казака была накіраваная заява з просьбай патлумачыць несвоечасовае інфармаванне гарадзенцаў аб правядзенні слуханняў і прысутнасць на абмеркаваннях 30 сакавіка "падстаўных асоб з боку замоўніка альбо выканаўцы будаўнічых прац, якія прысутнічалі выключна з мэтай галасавання "за вырубку", сведкамі чаго былі журналісты і грамадскасць".

У адказ Камітэт патлумачыў, што ўведамленні ў СМІ павінны публікавацца не пазней дня "напярэдадні дня выдалення аб'ектаў расліннага свету", таму, на погляд Камітэта, парушэнняў няма.

Што да ўдзелу ў слуханнях "масоўкі", тлумачыцца:

"Адпаведна пункту 14 Палажэння, у грамадскіх абмеркаваннях могуць прымаць удзел любыя прадстаўнікі грамадскасці, якія прадставілі дакумент, што сведчыць асобу, і былі зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. У адпаведнасці з пунктам 12 Палажэння да прадстаўнікоў грамадскасці адносяцца ўсе грамадзяне, што з'явіліся для ўдзелу ў сходзе, за выключэннем зацікаўленай асобы (яго ўпаўнаважанага прадстаўніка) і членаў камісіі".

Так званыя "грамадскія абмеркаванні" ,  падобна, расчаравалі і гродзенскія ўлады, і саміх грамадзян.

Калі на думку старшыні аблваканкама яны ператварыліся ў "незразумелыя палітычныя супрацьстаянні", то на погляд грамадскіх актывістаў – проста не дараслі да сваёй назвы.

Удзельніца "Зялёнай сеткі" Юлія Каляда:

– У першую чаргу я сумняюся ў законнасці рашэння аб адмене правядзення грамадскіх слуханняў, бо іх правядзенне рэгламентуецца Пастановай Савета міністраў. У любым выпадку, упэўненая, што рашэнне занадта паспешнае. Слуханняў было праведзена вельмі мала, памылкі і недапрацоўкі былі з усіх бакоў: з боку грамадскасці, замоўнікаў, гарвыканкаму. Усё гэта зафіксавана.

Каб сістэма выйшла на належны ўзровень, павінны прайсці час, сама грамадскасць павінна прызвычаіцца да таго, што грамадскія слуханні адбываюцца.

Палова Гродна нават не ведае пакуль пра магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў. Замоўнікі таксама яшчэ не навучыліся працаваць з людзьмі, даступна тлумачыць ім сутнасць пытання.

Чаму, калі разыходзяцца меркаванні ўлады і прадстаўнікоў грамадскасці, у нас гэта набывае палітычную афарбоўку?

І чаму гарвыканкам ад пачатку вырашыў, што ўсе будуць прыходзіць і згаджацца на вырубку дрэваў?

Альбо цяпер улады спужаліся высокай актыўнасці грамадзян, альбо ім проста зручней ніякіх слуханняў не праводзіць.

Я лічу гэта непрафесійным.

Твой стыль

Здымкі з архіву "Твайго стылю" і s13.ru

 


 

Спасылкi па тэме:

Ці застанецца Гродна зялёным?



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение