16 Июнь 2012

Грамадскія абмеркаванні ў Гродне будуць, але...

Гродзенскі аблвыканкам не прымаў рашэння аб адмене правядзення грамадскіх абмеркаванняў па пытаннях выдалення аб'ектаў расліннага свету. Ніякіх распараджэнняў старшыні аблвыканкаму па гэтых пытаннях таксама не было.

Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным лісце за подпісам першага намесніка старшыні  Гродзенскага аблвыканкама  І.Жука.

Ліст атрыманы ў адказ на зварот грамадскіх актывістаў з нагоды растыражаваных "Гродзенскай праўдай" месяц таму словаў Сямёна Шапіры: " Грамадскія слуханні, з-за таго што іх ператвараюць у незразумелыя палітычныя супрацьстаянні, вырашана больш не праводзіць".

У лісце з Аблвыканкаму, куды звярнуліся занепакоеныя абаронцы дрэваў, паведамляецца, што "Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2011 г. №1426 зацьверджанае новае Палажэнне аб парадку выдачы дазволаў на выдаленне аб'ектаў расліннага свету ў населеных пунктах,  адпаведна якому выдаленне і перасадка аб'ектаў расліннага свету ў населеных пунктах робіцца на падставе дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органу".

Разам з тым вызначаныя выпадкі, калі дазволы на знішчэнне ці перанос аб'ектаў расліннага свету не патрэбныя:

  • Калі  падчас будаўніцтва засьверджанай у вызначаным парадку праектнай дакументацыяй прадугледжваецца выдаленне, перасадка аб'ектаў расліннага свету, за выключэннем выпадкаў, вызначаных Прэзідэнтам РБ.
  • Калі грамадзяне перасаджваюць аб'екты расліннага свету ў межах уласных зямельных участкаў (акрамя выпадкаў, калі абмежаванні альбо забароны вызначаныя адпаведна актамі заканадаўства РБ).
  • Калі выдаленне альбо перасадка аб'ектаў расліннага свету адбываецца падчас ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі альбо яе наступстваў. У гэтым выпадку  юрыдычная асоба альбо грамадзянін павінны накіраваць адпаведныя дакументы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.

Грамадскія актывісты адказам Гродзенскага аблвыканкаму на свой зварот у прынцыпе задаволеныя:

- Наўрадці нехта нам адкажа, што было на самой справе: памылка старшыні аблвыканкама пры размове з гарадзенцамі ці падтасаванне рашэнняў. Для нас галоўнае, што грамадскія абмеркаванні па выдаленні дрэваў у Гродне  будуць праходзіць і далей. Таму вынікам мы задаволеныя. Зараз вельмі важна наладзіць дыялог паміж мясцовай уладай і грамадскасцю, вывесці абмеркаванні на годны ўзровень.

Рашэнне "Аб некаторых пытаннях выдалення аб'ектаў расліннага свету, размешчаных на тэрыторыі г.Гродна", паводле якога лёс кожнага дрэва, якое будзе перашкаджаць будаўніцтву, павінны вырашацца на грамадскіх слуханнях, было прынятае Гродзенскім гарвыканкамам 12 снежня 2011 года.

Вопыт правядзення першых слуханняў паказаў, што ўдзел грамадскасці ў вырашэнні лёсу зялёных насаджэнняў у Гродне стварае занадта шмат праблем для ўладаў.

Твой стыль



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение