11 Март 2013

А бацяну дзе гняздо рабіць?

Не далей як учора, з нагоды рыбалкі, праязджаў з сябрам вёску Казлоўшчына (Пастаўскі раён). Яшчэ пару гадоў таму мінскія экскурсаводы прасілі мяне па дапамогу і пабыць у іх правадніком па гэтых мясцінах...

Вялізны парк на колішняй сядзібе Друцкіх-Любецкіх. Агромністыя дрэвы у тры абдымы!

Ды ўся вялікая вёска — адзін суцэльны парк, бо паркавыя прысады — і ўздоўж усіх вуліцаў паселішча. Ну каму замінаў гэты парк! Пры дбайных адносінах яго можна было б паднавіць новымі пасадкамі —цікавяцца людзі гісторыяй, прыязджаюць з Мінска. А наўкола — шмат азёраў.

Вёска Казлоўшчына (Пастаўскі р-н). У цэнтры паселішча пілуюць 200-гадовыя ліпавыя прысады, якія пасадзілі князі Друцкія-Любецкія

Вёска Казлоўшчына (Пастаўскі р-н). Вельмі сімвалічная дарожная шыльда на тле спілаваных паркавых прысадаў – "Навінкі - 6 км"

Едзем учора, а ўздоўж дарог ляжаць «чурбаны» велічынёй з БелАЗаўскія колы. Суцэльны лесапавал! Пад'язджаем да Мосара. І тут пілуюць!

Раслі ўздоўж дарогі вялікія каржакаватыя сосны. Прыгожыя, разгалінаваныя, з тоўстымі сукамі — такія, якія любяць мастакі на карцінах маляваць. Ляжаць долу папілаваныя на «чурбаны». Праехалі Мосар... За 20 км. на даляглядзе — ужо бачнае Глыбокае. Стэп! Ні дрэўца!

Вёска Мосар (Глыбоцкі р-н)

Неверагодна! Хто б мог яшчэ пяць гадоў таму падумаць, што «чыстыя палі» — стануць рэальнасцю. Не! Яшчэ не ўсё спілавалі. Гайда пілаваць Галубіцкую пушчу! З Глыбокага яшчэ Мінска не бачна!

Ну, я б зразумеў, каб гэта была Берасцейшчына, дзе роўнядзь да далягляду: сей, жні, пускай камбайны... А тут жа — Паазер'е: пагоркі, азёры, балоты, яры, рэчкі, камяні. Камбайн ці трактар не пусціш жа ад далягляду да далягляду. Дык, не: расла нейкая сасна ўзбоч рэчкі, муліла некаму вочы — спілавалі. А бацяну дзе гняздо рабіць?

Вёска Казлоўшчына (Пастаўскі р-н). На дальнім тле – капліца-пахавальня князёў Друцкіх-Любецкіх. І ўдзячнасць нашчадкаў – спілавая 200-гадовая ліпа, пасаджаная князямі, на тле іх месца вечнага спачыну

Ага! Зразумела, на тэлеграфных і высокавольтных слупах. У вёсцы Прыперна пад Глыбокім — шэсць бацяновых гнёздаў і ўсе — на тэлеграфных слупах. Ніводнага на дрэве, бо іх проста няма! Бацяну не месца на Беларусі?! А раней жа, нават тост такі глыбоцкі быў: «Хай жыве і пасецца беларуская птушка бацян!»

Уладзімір Скрабатун, Westki.info



Добавить комментарий


Код безопасности
Обновить изображение